У Расіі прапануюць прызнаць БНФ і «Малады фронт» экстрэмісцкімі арганізацыямі

Намеснік старшыні камітэта расійскай Дзярждумы па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Вадзім Салаўёў падрыхтаваў зварот на імя генеральнага пракурора РФ Юрыя Чайкі з прапановай вывучыць дзейнасць партыі БНФ і «Маладога фронту».

81bc97aaa6574e89e3b735eafed9efdb__1_.jpg


Адыёзны дэпутат бачыць у беларускіх арганізацыях «русафобаў, якія ўсхваляюць злачынцаў і ваююць супраць апалчэння ДНР і ЛНР». Довады Салаўёва традыцыйныя для цяперашняй Расіі. Усе гэтыя, з дазволу сказаць, «высновы», мы ўжо чулі, і не раз.
«Сённяшнія ўкраінскія нацыяналісты выйшлі з арганізацый Сцяпана Бандэры. І мы бачым, што сённяшнія нашчадкі бандэраўцаў зрабілі са сваёй краінай. Але такія ж прафашысцкія фарміраванні былі падчас Вялікай Айчыннай і на тэрыторыі Беларусі, і ў іх таксама маюцца нашчадкі. Ім таксама трэба перайменаваць вуліцы, вычысціць усё рускае з Беларусі, пахадзіць з партрэтамі Сцяпана Бандэры па Мінску. Пры гэтым многія беларускія нацыяналісты ўжо былі заўважаныя ў шэрагах сумніўных фарміраванняў, якія вядуць баявыя дзеянні ў Данбасе. Натуральна, ваююць яны за Кіеў. Таму мы хочам праверыць іх дзейнасць на экстрэмісцкі складнік, і, калі Генпракуратура палічыць довады пераканаўчымі, гэтая партыя і моладзевая арганізацыя будуць прызнаныя экстрэмісцкімі ў Расіі», — цытуе Салаўёва «Руская планета».
Турбуе аўтара артыкула Алену Малую тое, што актывісты БНФ, «пакуль не маючы ніякай улады ў краіне, спрабуюць правесці сваю міні-дэкамунізацыі».
«Напрыклад, цяпер яны занятыя зборам подпісаў за тое, каб у адным з невялікіх гарадкоў перайменаваць вуліцу Савецкую ў вуліцу паэткі Ларысы Геніюш. Ёсць толькі адна невялікая праблема. Некаторыя гісторыкі лічаць, што Геніюш у 1941 годзе падпісала зварот «Беларусаў пратэктарата Чэхіі і Маравіі» да Адольфа Гітлера, якое пачыналася словамі: «Бачачы, што Вялікі Правадыр нямецкага народа Адольф Гітлер павёў сваю непераможную нямецкую армію на ўсход Еўропы для барацьбы і поўнага знішчэння бальшавізму, бальшавікоў-камуністаў і жыдоў, якія ўжо больш за 20 гадоў прыгнятаюць і знішчаюць наш беларускі народ...». Пазней, пасля таго як нямецкая армія пацярпела крах, Ларыса Геніюш сцвярджала, што яе подпіс быў падроблены», — піша Алена Малая.
Паводле «Беларускага партызана»