У Саудаўскай Аравіі арыштавалі 11 прынцаў за нежаданне эканоміць

Улады Саудаўскай Аравіі затрымалі адзінаццаць прынцаў, якія запатрабавалі адмяніць жорсткія меры эканоміі і аднавіць аплату з дзяржаўнай казны рахункаў членаў каралеўскай сям'і за камунальныя паслугі — ваду і электрычнасць.

okaz.com.sa

okaz.com.sa

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на саудаўскія СМІ — партал навінаў Sabh.org і газету Okaz, піша novayagazeta.ru. Саудаўскія прынцы сабраліся ў суботу, 6 студзеня, на акцыю пратэсту ў каралеўскім палацы ў Эр-Рыядзе. Акрамя аплаты камунальных паслуг за кошт казны, яны запатрабавалі кампенсацыі за смяротны прысуд, вынесены ў дачыненні да аднаго з іх сваякоў.
Прынцам паказалі на тое, што іх патрабаванні незаконныя, аднак яны адмовіліся пакінуць палац. Тады кароль распарадзіўся затрымаць прынцаў. Зараз яны ў турме аль-Хайер, дзе будуць чакаць суда.
СМІ не паведамляюць імёны прынцаў, вядома толькі, што іх лідар мае ініцыялы S.A.S. Афіцыйных пацверджанняў з боку прадстаўнікоў саудаўскіх уладаў пакуль няма.
У пачатку лістапада ўлады Саудаўскай Аравіі ў рамках барацьбы з карупцыяй затрымалі 11 членаў каралеўскай сям'і, а таксама некалькі дзеючых міністраў і дзясяткі былых дзяржчыноўнікаў. Іх адправілі ў пяцізоркавы гатэль Ritz-Carlton у Рыяд (з яго выселілі ўсіх пастаяльцаў).
З прынцамі вядуцца перамовы — яны могуць заплаціць за сваё вызваленне і пазбегнуць суда. Па ацэнцы наследнага прынца Мухамада бін Салмана, у бюджэт краіны можа паступіць каля 100 млрд долараў.
У інтэрв'ю The New York Times у канцы лістапада наследны прынц Мухамед бен Сальман Аль Сауд казаў, што большасць абвінавачаных у карупцыі прынцаў ў Саудаўскай Аравіі (95%) пагадзіліся перадаць уладам свае актывы.