У Саудаўскай Аравіі будуць судзіць прынцаў за страйк каля палаца
Улады Саудаўскай Аравіі заявілі, што 11 прынцаў каралеўскай крыві, якія зладзілі забастоўку каля палаца ў знак пратэсту супраць спынення ім выплат з казны, паўстануць перад судом.
.
Генеральны пракурор краіны Сауд аль-Моджыб заявіў, што ніхто з грамадзян не можа стаяць вышэй за закон.
У чацвер 11 прынцаў зладзілі акцыю пратэсту ля каралеўскага палаца ў Эр-Рыядзе, пасля таго як улады вырашылі спыніць аплачваць іх рахункі за ваду і электрычнасць.
Яны таксама патрабавалі кампенсацыі за смяротны прысуд, вынесены іх сваяку, які быў асуджаны за забойства і пакараны ў 2016 годзе.
Прынцы былі ўзятыя пад варту. Па словах генпракурора, яны ўтрымліваюцца ў турме строгага рэжыму «Аль-Хайер» на поўдзень ад сталіцы, ім прад'яўленыя абвінавачванні па некалькіх крымінальных артыкулах.
«Хаця ім было сказана, што іх патрабаванні незаконныя, 11 прынцаў адмовіліся пакінуць палацавую плошчу, парушыўшы грамадскі парадак», — заявіў пракурор.
Імёны прынцаў пакуль не называюцца.
У чэрвені мінулага года, адразу пасля нечаканай аб'явы сына караля Махамеда бін Салмана наследным прынцам, Сірыя пачала серыю фінансавых і прававых рэформаў. Краіна сутыкаецца з высокім беспрацоўем і сацыяльнай няроўнасцю.
Улады таксама спрабуюць скараціць залежнасць эканомікі ад даходаў ад экспарту нафты. Дзяржаўныя выдаткі скарачаюцца, у тым ліку адменены некаторыя ўрадавыя субсідыі.
Цэны на бензін у краіне амаль падвоіліся, уведзены таксама падатак у памеры 5% на тавары і паслугі, у тым ліку на харчовыя тавары і камунальныя паслугі.
У мінулым годзе ў рамках кампаніі па барацьбе з карупцыяй былі арыштаваныя дзясяткі прынцаў, уключаючы членаў урада.
Паводле bbc.com