У Варшаве прайшоў пікет супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі
У гістарычным цэнтры Варшавы, на замкавым пляцы каля калоны караля Жыгімонта, адбыўся дазволены пікет у падтрымку Незалежнасці Беларусі. Падобныя акцыі запланаваныя і ў іншых гарадах Польшчы.
![img_20191221_134623_logo_1.jpg img_20191221_134623_logo_1.jpg](/img/v1/images/img_20191221_134623_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пікет прайшоў з нагоды сустрэчы 20 снежня Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу, на якой абмяркоўвалася «Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», якая ўключае ў сябе 31 «дарожную мапу». Іх канкрэтны змест застаецца невядомым: нягледзячы на занепакоенасць беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці ўлады адмовіліся публікаваць праекты дакументаў.
![img_20191221_134814_logo.jpg img_20191221_134814_logo.jpg](/img/v1/images/img_20191221_134814_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![img_20191221_134553_logo.jpg img_20191221_134553_logo.jpg](/img/v1/images/img_20191221_134553_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У пікеце прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары, прадстаўнікі з Украіны, а таксама Нафіс Кашапаў, прадстаўнік татарскай дыяспары, які на радзіме знаходзіцца пад пераследам. Падчас пікету былі зачытаны зварот да беларускага ўраду з патрабаваннем спыніць анэксію Беларусі, звароты да ураду Польшчы і міжнароднай супольнасці. Удзельнікі пікету разам праспявалі «Пагоню» і «Магутны Божа».
Дазволеная мясцовымі ўладамі акцыя прайшла пад наглядам польскай паліцыі, без затрыманняў і эксцэсаў. Прадоўжылася каля гадзіны. Арганізатар пікету – фундацыя «Беларускі Дом ў Варшаве».