У Мінску зноў акцыя пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй

На Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Мінска ўдзень 21 снежня зноў збіраюцца людзі, каб выказаць свой пратэст супраць інтэграцыі з Расіяй.

ploscha_2x_0.jpg

Як паведамляе БелаПАН, каля 13:30 на плошчу прыйшоў малады чалавек у медыцынскай масцы з плакатам на грудзях, на якім намаляваны прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, стылізаваны пад Гітлера. Супрацоўнік міліцыі ў цывільным адразу пачаў яго здымаць на відэакамеру, малады чалавек стаў у адказ здымаць яго на тэлефон.
У 13.45 на плошчу прыйшоў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. Ён паведаміў журналістам, што сённяшнюю акцыю анансавалі «дэпутаты незалежнасці», былыя дэпутаты Вярхоўнага савета — Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі і іншыя, а ён, у прыватнасці, яе проста падтрымлівае. Палітык мае намер заклікаць удзельнікаў сённяшняй акцыі да мазгавога штурму і выпрацоўцы новых формаў пратэсту. На думку Севярынца, акцыя можа прайсці як у фармаце простага мітынгу, так і «можа быць нешта іншае».
Акрамя Севярынца на акцыю прыйшлі мастак Алесь Марачкін, блогер з Оршы Дзмітрый Казлоў (Шэры кот), паэт Уладзімір Някляеў, палітыкі Юрась Беленькі і Вячаслаў Сіўчык.
Севярынец у мегафон заявіў прысутным, што праблема інтэграцыі нікуды не знікла. «Паводле слоў Лукашэнкі і людзей, адказных за перамовы, 28 так званых дарожных карт падпісана. Гэта вельмі дрэнна, гэтыя дакументы накіраваны на паглынанне Беларусі. Таму нам трэба нарошчваць пратэст».
Ён анансаваў сустрэчу 26 снежня ў 12.00 ў офісе БСДП «Грамада» для «капітальнага мазгавога штурму» па фарматах будучых акцый.
Неўзабаве пасля гэтага на плошчы з'явіліся двое супрацоўнікаў міліцыі ў форме, якія праз мегафоны сталі папярэджваць аб незаконнасці акцыі і заклікаць разысціся. Некалькіх удзельнікаў акцыі сталі дзьмуць у свісткі, каб заглушыць галасы міліцыянтаў.
Па падліках журналістаў, да 14.20 на плошчы прысутнічае каля сотні чалавек, яны падышлі да прыступак Палаца Рэспублікі, каля якіх, як мяркуецца, пройдзе мітынг.
Гэта ўжо чацвёртая вулічная акцыя супраць інтэграцыі ў цэнтры Мінска. Дзве першыя прайшлі 7 і 8 снежня. Яны былі прымеркаваны да перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы.
Сённяшняя акцыя, як і аналагічная, якая прайшла ў Менску напярэдадні ўвечары, прымеркаваная да перамоваў лідараў у Санкт-Пецярбургу, якія адбыліся 20 снежня.
Па іх выніках кіраўнік Мінэканамразвіцця Расіі Максім Арэшкін паведаміў журналістам, што бакі поўнасцю ўзгаднілі пытанні інтэграцыі ў сферы сельскай гаспадаркі, сувязі, мытні, ўрэгулявання алкагольнага рынку. У той жа час пагадненняў па нафце, газе і падатковай сферы пакуль не дасягнута.
Трошкі пазьней Лукашэнка паведаміў, што цэны на энерганосьбіты будуць вызначаны ў бліжэйшыя дні. «Засталіся самыя складаныя пытанні, але толькі ў лічбах — энерганосьбіты. Але канцэптуальна дамовіліся, што ў будучым годзе Беларусь купляе ў Расійскай Федэрацыі прыкладна 20 млрд куб. м газу. Абмежаванняў тут няма. Можна і 22 млрд куб. м. З уводам атамнай станцыі, вядома, мы на 4-5 млрд куб. м менш будзем закупляць. Таму па аб'ёмах мы дамовіліся, і па нафце дамовіліся, што купім у Расеі 24-25 млн т нафты. Цэны будуць не вышэй за ўзровень бягучага 2019 года», — працытавала Лукашэнку яго прэс-служба.
Сутнасць інтэграцыйных дакументаў хаваецца ад грамадскасці, што і выклікае асноўную трывогу ў апазіцыі.
naviny.by