У Вільні для пенсіянераў у кафэ — бясплатная кава і гарбата

Акцыю праводзяць улады Вільні для таго, каб пажылыя людзі часцей праводзілі вольны час у цэнтры гораду.

Фота philanthropy.ru

Фота philanthropy.ru

«Давайце сустрэнемся за кубачкам кавы» — прыкладна так можна перакласці назву акцыі, якую праводзяць улады Вільні для таго, каб пажылыя людзі часцей праводзілі вольны час у цэнтры гораду. Да 7 студзеня кавярні, гатэлі і рэстараны літоўскай сталіцы па нядзелях будуць частаваць пенсіянераў бясплатнай гарбатай і кавай.

Акцыя праходзіць ужо ў 17-ы раз. Яе пачаў праводзіць цяпер ужо былы мэр Вільні Артурас Зуокас. А ідэя прыйшла да палітыка, паводле яго слоў, калі ён быў у Францыі, у Парыжы, дзе ў нядзельны пасляабедны час у цэнтры гораду ён бачыў вялікую колькасць людзей сталага ўзросту.

Сёлета ў віленскай акцыі бяруць удзел 82 аб'екты грамадскага харчавання, якія маюць намер частаваць пенсіянераў гарачымі напоямі не толькі па нядзелях, але і ў іншыя дні тыдня. Дастаткова прадʼявіць пенсійнае пасведчанне.

Спіс кропак, якія далучыліся да акцыі, можна знайсці на афіцыйным сайце Вільні.

www.radyjo.net