У выніку абстрэлу эвакуацыйнай машыны ў Луганскай вобласці загінуў французскі журналіст
Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай і апублікаваў пацвярджальныя фотаздымкі.

Фота: luhanskaVTSA/Telegram
Паводле слоў Сяргея Гайдая, украінскі браніраваны эвакуацыйны транспарт павінен быў забраць 10 чалавек з вобласці і трапіў пад артылерыйскі абстрэл расійскіх войскаў.

Фота: luhanskaVTSA/Telegram
Аскепкі снарадаў прабілі браню машыны, акрэдытаваны французскі журналіст атрымаў смяротнае раненне ў шыю. Патрульнага паліцэйскага, які знаходзіўся з журналістам у адной машыне, выратавала каска.
Пазней з'явілася інфармацыя пра тое, што загінулы журналіст — карэспандэнт французскага тэлеканала «BFM TV» Фрэдэрык Ляклерк Імхоф.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у сваім Twitter пацвердзіў гібель французскага журналіста: «Фрэдэрык Ляклерк Імхофф паехаў ва Украіну, каб паказваць свету рэаліі вайны. Ён быў смяротна паранены, калі ехаў на гуманітарным аўтобусе з грамадзянскімі, уцекачамі ад расійскай бамбёжкі».
Кіраўніца МЗС Францыі Катрын Калона запатрабавала правесці расследаванне абставінаў таго, што адбылося.