Палітвязня асудзілі на 4,5 года за дапамогу беларусам ў эвакуацыі ад пераследу

Суд Шчучынскага раёна 31 траўня асудзіў 30-гадовага палітзняволенага Яўгена Буйніцкага да чатырох з паловай гадоў узмоцненага рэжыму і штрафу ў 110 базавых велічынь (3520 рублёў). Яго прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 371 Крымінальнага кодэкса — наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай.

bujnicki_yauhien_1r97j.jpg


Ён дапамагаў эвакуявацца з Беларусі людзям, якія ратаваліся ад палітычна матываванага пераследу ўладаў.

Нягледзячы на тое, што яго судзілі за здзяйсненне ўчынку групай асобаў, на лаве падсудных быў адзін Яўген. Паводле абвінавачвання, ён падвозіў людзей у памежную зону з Літвой. Суддзя Дзмітрый Цывунчык пачаў разглядаць справу яшчэ 5 красавіка, але агучыў прысуд толькі ўчора.

Яўген Буйніцкі быў затрыманы 5 жніўня мінулага года. Праз месяц Следчы камітэт заявіў, што ведамства расследуе крымінальную справу аб незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

«Па наяўных у следства даных, шэраг асоб, аб'яднаўшыся ва ўстойлівую групу, на працягу як мінімум апошніх васьмі месяцаў ажыццяўлялі незаконную перапраўку беларускіх грамадзян на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі. Устаноўлена, што адным з арганізатараў і кіраўнікоў злачыннай групы з'яўляецца грамадзянка Рэспублікі Беларусь Наталля Калегава, якая пастаянна пражывае ў Літве, — кіраўніца арганізацыі “Дапамога”. Устаноўленыя і затрыманыя асобы, якія ажыццяўляюць злачынную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку непасрэдную дастаўку людзей да лініі дзяржаўнай мяжы», — гаварылася ў заяве СК.

На дзяржаўным тэлебачанні выйшаў відэасюжэт «Скрыня Пандоры: бізнес на мігрантах. Як улады Літвы выкарыстоўваюць уцекачоў у сваіх палітычных мэтах», дзе распавядалася пра гэтую справу. Нягледзячы на тое, што СК сцвярджаў, што затрыманыя некалькі чалавек, якія дзейнічалі на беларускім баку, у фільме паказалі адзінага затрыманага па справе — Яўгена Буйніцкага. Яго называлі «кур'ерам, які прывозіў людзей да мяжы — у памежную зону». У фільме сцвярджаецца, што ён «атрымліваў плату» за гэта, у чым прызнаўся следчаму: «Мне заплацілі… Заправілі машыну».

У відэасюжэце Яўген распавядае: «Я перавозіў у агульнай колькасці пяць чалавек, якія пакінулі маю машыну каля пасёлка Першамайск з намерам пакінуць Рэспубліку Беларусь шляхам незаконнага перасячэння мяжы. Пра тое, што яны плануюць перасекчы літоўскую мяжу, адкрыта гэта, можа быць, і не было сказана, але гэта ўсведамлялася, то бок я гэта ўсведамляю».

Судзілі Яўгена аднаго, але падрабязнасці з суда невядомыя.

Яўген скончыў гістарычны факультэт БДУ. Ён піша вершы і спрабуе маляваць. У ліставанні палітвязень беларускамоўны. За кратамі Яўген адзначыў сваё 30-годдзе. Ён хутка будзе этапаваны з ІЧУ Шчучына ў гродзенскую турму, дзе будзе чакаць разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, а таксама грашовымі пераводамі і пасылкамі:

Яўген Уладзіміравіч Буйніцкі,

турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.