У Адэсе таемна пахавалі першых ахвяраў крывавых сутыкненняў (відэа)

Пасля крывавых выходных у Адэсе працягваецца трэці дзень жалобы. У панядзелак, 5 мая, пахавалі першых шасцярых ахвяр сутыкненняў, гаворыцца ў сюжэце спецвыпуску tsn.ua. Месца развітання, як і асобы загінулых не афішавалі, паколькі сваякі хацелі пазбегнуць правакацыяў падчас пахавання.

Публічнае развітанне зладзілі толькі з дэпутатам аблсавету Вячаславам Маркіным. 2 мая ён апынуўся сярод тых, хто забарыкадаваўся ў палаючым Доме прафсаюзаў. На пахаванне прыйшлі шараговыя адэсіты, калегі і сябры загінулага. А вось адэскаму губернатару развітацца з дэпутатам не далі, бо яго абвінавачваюць у трагічных падзеях.

Зараз у лякарнях Адэсы ўсё яшчэ знаходзіцца больш за 80-ці пацярпелых падчас сутыкненняў. З іх 26 у вельмі цяжкім стане. Вядома, што сярод пацярпелых ёсць двое непаўналетніх.

"У аднаго хлопчыка 11 класа апёк спіны і ног, у яго трапіў кактэйль Молатава. У іншага агнястрэльнае раненне, яго стан найбольш цяжкі", — паведаміла прадстаўнік упраўлення адукацыі Зінаіда Цвірынько.

У моргах Адэсы неапазнанымі застаюцца каля 20 целаў. Аднак зніклых без вестак, значна больш — зараз сваякі шукаюць 45 чалавек. 

Гарадская ўлада ўзяла на сябе выдаткі па пахаванні, сем'ям загінулых вылучылі па 10 тыс. грн. Пасля, паабяцалі ў мэрыі, выплацяць яшчэ і маральную шкоду.