У «ДНР» плануюць ўводзіць прадуктовыя карткі і працягваюць мабілізацыю
«Шэраг «чыноўнікаў» ад ДНР бачаць у гэтым адзіны выхад з цяперашняй сытуацыі», — паведаміў у Facebook пра ўвядзенне прадуктовых картак у ДНР каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.
Тымчук таксама паведамляе, што ў ДНР працягваецца «мабілізацыйная кампанія»: «Баевікі рассылаюць позвы па прадпрыемствах і шахтах. Ёсць распараджэнне кіраўніцтва ДНР мабілізаваць з кожнай буйной шахты і прадпрыемствы мінімум 250 чалавек».
Тымчук паведамляе, што цягам апошніх сутак «расійска-тэрарыстычныя войскі на Данбасе працягвалі груба парушаць ўмовы мірных дамоўленасцей, выкарыстоўваючы для абстрэлаў пазіцый украінскіх войскаў практычна ўвесь спектар наяўных ўзбраенняў — ад стралковай да ствольнай і рэактыўнай артылерыі».
Паводле яго слоў, з боку баевікоў фіксуецца толькі некаторае памяншэнне колькасці артылерыі, якая адводзіцца ў тыл згодна з мінскімі дамоўленасцямі. Цяжкая бранятэхніка застаецца на месцы і ад лініі размежавання не адводзіцца.
Нагадаем, сёння прадстаўнікі МЗС "нармандскай чацвёркі" мусяць абмеркаваць рэалізацыю мінскіх дамоўленасцяў. Адзначаецца, што бакі незадаволеныя як выконваецца рэжым спынення агню. А таксама канстатуецца той факт, што сацыяльна-эканамічныя ўмовы на паўднёвым усходзе Украіны хутка дэградуюць.