У Дзярждуме прапанавалі ўвесці войскі ва Украіну
Дэпутат Дзяржаўнай думы РФ ад ЛДПР Раман Худзякоў прапанаваў накіраваць ва Украіну расійскіх салдат з-за пагрозы бяспекі РФ. Худзякоў заявіў, што сёння «інтэрнэт поўны доказаў таго, як калоны амерыканскай і еўрапейскай ваеннай тэхнікі сцягваюцца да межаў ЛНР і ДНР, а таксама да межаў нашай дзяржавы».
Паводле слоў парламентарыя Худзякова, цяпер «англійскую мову там можна пачуць часцей, чым украінскую і рускую». У сувязі з гэтым дэпутат ад ЛДПР прапанаваў звярнуцца да кіраўніка Мінабароны Сяргея Шайгу з просьбай аб увядзенні расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны. «Мы павінны абараняць наш братэрскі народ. Не адважацца гэтыя баязліўцы, паважаныя калегі, наўпрост атакаваць расійскіх міратворцаў, а калі і асмеляцца, то паверце, гэта іх будзе апошняя фатальная памылка», — заявіў Худзякоў, словы якога цытуе радыёстанцыя «Эхо Москвы».
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў ТАСС, што яму нічога не вядома пра ініцыятыву ўводу расійскага міратворчага кантынгенту ва Украіну. «А хто запатрабаваў (гэтага) у Дзярждуме?», — пацікавіўся прадстаўнік Крамля і, атрымаўшы адказ, працягнуў: «Я, на жаль, не чуў пра гэтае патрабаванне, таму нічога не магу сказаць. Мне невядома пра існаванне такіх планаў», — падкрэсліў ён.
Нагадаем, Уладзімір Пуцін 1 сакавіка 2014 года ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі ва Украіне ўнёс зварот у Савет Федэрацыі аб выкарыстанні Узброеных сіл РФ на тэрыторыі суседняй краіны для нармалізацыі там грамадска-палітычнага становішча. Сенатары аднагалосна ўхвалілі просьбу прэзідэнта і Вярхоўнага галоўнакамандуючага. У той жа час падкрэслівалася, што верхняя палата расейскага парламента толькі дала дазвол на ўвод войскаў і гэта не азначае, што права прэзідэнта будзе рэалізавана.
Прадстаўнікі АБСЕ пацвярджаюць, што на ўсходзе Украіны пастаянна парушаецца рэжым спынення агню.