У Грэцыі арыштавалі лідэра ўльтраправай партыі «Хрысі Авгі»

Грэцкая паліцыя арыштавала кіраўніка ультраправай партыі «Хрысі Авгі» («Залаты золак») Нікалааса Міхалоліакаса. Затрыманы таксама некалькі дэпутатаў ад партыі. Паведамляецца, што яны дастаўлены ў Галоўнае паліцэйскае ўпраўленне Афін і неўзабаве паўстануць перад пракурорам. Партыя заклікала прыхільнікаў да вулічных бунтаў.



nazi_salute.jpg

Па звестках РІА «Новости», арыштаваныя таксама яшчэ каля 30 актывістаў партыі. Як перадае ІТАР-ТАСС, выдадзены ордэры на арышт і іншых парламентарыяў і сябраў «Хрысі Авгі».
Расследаванне ў дачыненні да неанацысцкай партыі пачата пасля нядаўняга забойства яе баевіком 34-гадовага музыкі і антыфашыста Павласа Фісаса, якое ўсхвалявала ўсю Грэцыю. У найбуйнейшых гарадах краіны прайшлі шматтысячныя маніфэстацыі ў знак пратэсту супраць гэтага забойства.
«Хрысі Авгі», члены якой выказваюць сваё захапленне Адольфам Гітлерам, выкарыстоўваюць у якасці эмблемы стылізаваную свастыку і вітаюць адзін аднаго нацысцкім салютам, набралі на фоне незадаволенасці насельніцтва мерамі жорсткай эканоміі каля 7% галасоў на ўсеагульных выбарах у мінулым годзе і правялі 18 дэпутатаў у парламент краіны.
Раней СМІ паведамлялі, што ўрад Грэцыі мае намер спыніць фінансаванне ультраправай партыі.
newsru.com