У маскоўскім метро — тры надзвычайныя здарэнні цягам дня

18 шпіталізаваныя, з іх 11 атруціліся прадуктамі гарэння, пяць чалавек паклалі ў рэанімацыйныя аддзяленні. Дзясяткі тысяч спазніліся на працу.



mm.jpg

Людзі чакаюць, калі ўзновіць працу станцыя метро Камсамольская, 5 чэрвеня 2013

У маскоўскім метро 5 чэрвеня адбыліся тры надзвычайныя выпадкі, якія значна ўскладнілі транспартнае становішча ў расійскай сталіцы.
 

Спачатку каля 60 чалавек пацярпелі ў выніку пажару ў ранішнюю «гадзіну пік» на Сакольніцкай лініі, дзе успыхнуў сілавы кабель паміж станцыямі «Библиотека имени Ленина» і «Охотный ряд» у самым цэнтры гораду, недалёка ад Крамля. 18 пацярпелых, з якіх 11 атруціліся прадуктамі гарэння, даставілі ў шпіталі, пяць чалавек паклалі ў рэанімацыйныя аддзяленні. З гэтых двух станцый эвакуавалі каля чатырох з паловай тысяч пасажыраў, а Сакольніцкая лінія не працавала ва ўсёй цэнтральнай частцы Масквы. Дзясяткі тысячаў людзей спазніліся на працу.
 

Пазней на гэтай жа лініі зноў спынялі рух цягнікоў, калі адбылося задымленне ў тунэлі на месцы ранішняга пажару. Цэнтральная частка лініі агулам не працавала амаль паўдня.
 

А ўвечары амаль на паўгадзіны збіўся графік руху на Серпухаўска-Ціміразеўскай лініі, дзе па тэхнічных прычынах спыніўся цягнік.
 

Маскоўскі мэтрапалітэн, які цяпер складаецца з 12 лініяў з 188 станцыямі, з'яўляецца галоўным відам грамадзкага транспарту ў сталіцы Расеі, перавозячы штодня больш за 8 мільёнаў чалавек.