У пяцёрцы лідараў прэзідэнцкай гонкі ў Польшчы — рок-зорка і мадэль
У Польшчы 10 траўня адбудзецца першы тур прэзідэнцкіх выбараў, на пасаду кіраўніка краіны прэтэндуюць 11 чалавек. У выпадку неабходнасці, другі тур пройдзе 24 траўня.

Паводле апошняга сацыялагічнага апытання, што ладзілася 29 красавіка, лідарам першага тура выбараў будзе цяперашні прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, за яго гатовыя прагаласаваць каля 42 % выбаршчыкаў. За прадстаўніка партыі “Права і справядлівасць” Анджэя Дуду — 27 %, за экс рок-зорку Паўла Кукіза — 9 %. 5 % выбаршчыкаў маюць намер галасаваць за Януша Корвіна-Міке, які быў кандыдатам пяць разоў, 3 % — за мадэль Магдалену Агурэк.
Кандыдаты ў прэзідэнты праводзяць маштабную агітацыйную кампанію. Колькасць перадвыбарчага кантэнта сапраўды можа здзівіць беларусаў, ён тут на кожным кроку: кампанія ладзіца ў друкаваных СМІ, на радыё, тэлебачанні, у сеціве і на вуліцах.
Прадстаўнік партыі “Права і справядлівасць” Анджэй Дуда, якую ўзначальваў Лех Качынскі, ідзе на выбары з лозунгам “Імя будучыні — Польшча!”. Ён абяцае стварыць новыя працоўныя месцы і развіваць прамысловасць.
Дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі заклікае галасаваць за яго, бо ён гарантуе ў краіне бяспеку, згоду і рацыянальную знешнюю палітыку.
Гісторык, доктар гуманітарных навук і былая мадэль Магдалена Агурэк у сваёй перадвыбарчай кампаніі абяцае перагледзець несправядлівую падатковую сістэму, спыніць эміграцыю моладзі за мяжу і стварыць новую прававую сістэму.
Лозунг кандыдата ў прэзідэнты Паўла Кукіза, які з’яўляўся лідарам рок-гурта Piersi, — “Ты зможаш, Польшча!”.
Прадстаўнік яго выбарчага штаба Мілаш Ладоўскі распавёў пра асаблівасці перадвыбарнай праграмы іх кандыдата.
“Бюджэт нашай перадвыбарнай кампаніі складаецца з ахвяраванняў валанцёраў. На цяперашні момант ён роўны 380 000 злотых (амаль 104,5 тысячы долараў ЗША, — рэд)”, — кажа прадстаўнік штаба.
Для параўнання адзначым, што, напрыклад, Хілары Клінтан плануе сабраць на сваю перадвыбарную кампанію каля 2,5 млрд долараў.
Мілаш Ладоўскі таксама адзначае, што з іх штабам супрацоўнічае каля 1 мільёна валанцёраў, іх кандыдат падчас кампаніі правёў каля 80 сустрэч з выбаршчыкамі, яшчэ каля 40 сустрэч са СМІ.
Шмат часу на палітычную агітацыю выдаткуе і польскае тэлебачанне. Дэбаты з’яўляюцца неад’емнай часткай кампаніі:
У сеціве агітацыя прадстаўленая ў выглядзе відэаролікаў і банераў.
Агітацыйныя відэаролікі кандыдатаў у прэзідэнты.
Магдалена Агурэк
Януш Корвін-Міке
Павел Кукіз
Анджэй Дуда
Браніслаў Камароўскі