У Польшчы праходзіць буйнейшая дабрачынная акцыя
За 23 гады існавання акцыі куплена каля 30 тысяч адзінак медыцынскай тэхнікі на суму прыкладна ў 150 мільёнаў еўра.
У Польшчы праходзіць буйнейшая дабрачынная акцыя "Вялікі аркестр святочнай дапамогі". Мерапрыемства традыцыйна адбываецца пасля зімовых святаў з 1993 года.
120 тысяч валанцёраў на вуліцах гарадоў і вёсак, у гандлёвых цэнтрах, на транспарце, вакзалах і ў іншых грамадскіх месцах збіраюць грошы, якія будуць выкарыстаныя ў дабрачынных мэтах. Кожны жадаючы можа кінуць у скарбонку любую суму, нават самую дробную, а ўзамен атрымае налепку-сэрца, якую можна наклеіць, напрыклад, на вопратку.
Сёлета сабраныя сродкі будуць выдаткаваныя на куплю медыцынскага абсталявання для педыятрычных і дзіцячых анкалагічных аддзяленняў бальніц, а таксама на тэхніку і абсталяванне герыятрычных
аддзяленняў. Падтрымаць акцыю можна таксама, высылаючы платнае СМС-паведамленне.
У рамках дабрачыннай акцыі ў розных месцах Польшчы пройдзе каля 120 мерапрыемстваў. Гэта канцэрты, марафоны ды аўкцыёны, на якіх таксама будзе праходзіць збор сродкаў. Падобныя мерапрыемствы і збор
грошай адбудуцца таксама ў замежных гарадах, дзе кампактна пражываюць палякі.
За 23 гады існавання акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» было куплена каля 30 тысяч адзінак медыцынскай тэхнікі на суму прыкладна ў 150 мільёнаў еўра. Гэтая апаратура працуе ў
600 бальніцах і клініках Польшчы.