У Расіі партыю Навальнага пазбавілі рэгістрацыі
Як сцвярджаюць у Мінюсце РФ, гэта звязана з парушэннямі пры рэгістрацыі рэгіянальных аддзяленняў партыі. Навальны назваў гэта рэакцыяй на стварэнне кааліцыі апазіцыйных сіл.
Партыя Аляксея Навальнага пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі. У Міністэрстве юстыцыі Расіі прызналі дакумент аб рэгістрацыі Партыі прагрэсу страціўшым сілу. Звесткі пра яе і яе падраздзяленні выключаныя з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб. Як растлумачылі ў Мінюсце, аддзяленні партыі ў шэрагу рэгіёнах былі зарэгістраваныя пазней адведзенага законам шасцімесячнага тэрміну.
Сам Аляксей Навальный мяркуе, што гэта рашэнне стала рэакцыяй на стварэнне дэмакратычнай кааліцыі, якая плануе ўдзельнічаць у рэгіянальных выбарах, а затым і ў выбарах у Дзярждуму. Па словах апазіцыянера, лічыцца, што зарэгістраваную партыю ліквідаваць вельмі складана, і рабіць гэта трэба ў судовым парадку. "Для нас, як звычайна, юрыдычны эксклюзіў: проста выкраслілі з рэестра, прызнаўшы, што рэгістрацыя страціла сілу", — напісаў ён.
Навальны таксама адзначыў, што кааліцыя ўсё роўна пойдзе на выбары і "даможацца палітычнага прадстаўніцтва для прыхільнікаў дэмакратыі, якіх у Расіі шмат". Юрыст партыі Дзмітрый Крайнёў сказаў, што Партыя прагрэсу мае намер абскардзіць рашэнне Мінюста спачатку ў расійскіх судах, а затым у Еўрапейскім судзе па правах чалавека (ЕСПЧ). Крайнёў выказаў упэўненасць, што да выбараў у Дзярждуму ў 2016 годзе рэгістрацыя партыі будзе адноўлена.
Аб стварэнні ў Расіі дэмакратычнай кааліцыі дамовіліся раней РПР-ПАРНАС, Партыя прагрэсу і партыя "Дэмакратычны выбар". Затым да іх далучыліся яшчэ тры палітычныя сілы: Партыя 5 снежня, "Грамадзянская ініцыятыва" і Лібертарыянская партыя. Аб'яднанне таксама падтрымала грамадская арганізацыя "Адкрытая Расія" Міхаіла Хадаркоўскага.