У Румыніі абралі прэзідэнтам этнічнага немца
Румынскі прэм'ер-міністр Віктар Понта прызнаў перамогу свайго апанента Клаўса Ёханіса на прэзідэнцкіх выбарах у краіне.
Клаўс Ёханіс — новы прэзідэнт Румыніі
«Я патэлефанаваў спадару Ёханісу і павіншаваў яго», — заявіў журналістам сацыял-дэмакрат Понта.
42-гадовы Віктар Понта спадзяваўся стаць самым маладым у гісторыі Румыніі прэзідэнтам, замяніўшы на пасадзе Траяна Бэсэску, які займаў прэзідэнцкае крэсла на працягу апошніх дзесяці гадоў і не
мог у трэці раз балатавацца на гэтую пасаду.
Нягледзячы сваю паразу на выбарах прэзідэнта, спадар Понта заявіў, што ў яго няма падставаў пакідаць пост прэм'ера.
Клаўс Ёханіс — лідэр Нацыянал-ліберальнай партыі і выхадзец з нямецкамоўнай
меншасці, займаў пасаду мэра горада Сібіў у Трансільваніі.
Карэспандэнты мяркуюць, што вынікі гэтых выбараў у значнай ступені вызначыла румынская дыяспара.
Пасля першага тура выбараў, які прайшоў 2 лістапада, у Парыжы, Лондане і іншых гарадах румынскія мігранты зладзілі пратэсты пад выбарчымі ўчасткамі, вымушаныя для галасавання стаяць у чэргах па
некалькі гадзін. Пратэсты прывялі да адстаўкі міністра замежных спраў Румыніі.