У Санкт-Пецярбургу паставілі «помнік» невядомаму салдату, які загінуў у Данбасе
У Санкт-Пецярбургу прайшла акцыя супраць нядаўняга ўказу прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, што засакрэчвае звесткі пра ваенных, якія загінулі ў мірны час.

Актывісты руху «Вясна» паставілі на Марсавым поле помнік «невядомаму салдату», які загінуў на Данбасе.
«Уладзіміру Пуціну часта прыпісваюць фразу "Сваіх не кідаем". Але правільны варыянт мы зафіксавалі на нашым мемарыяле: "А яны не свае і былі". Ён з лёгкасцю ахвяруе і сваімі, і чужымі салдатамі для дасягнення сваіх палітычных мэтаў», — гаворыцца ў заяве актывістаў «Вясны».
Рух «Вясна» выступіў супраць указу Пуціна, згодна з якім звесткі пра ваенных, якія загінулі ў спецаперацыях ў мірны час, цяпер адносяцца да дзяржаўнай таямніцы. Указ быў апублікаваў на афіцыйным партале прававой інфармацыі 28 траўня.
Расія неаднаразова адхіляла абвінавачванні ва ўдзеле расейскіх вайскоўцаў у ўзброеным канфлікце на ўсходзе Украіны.
У сярэдзіне траўня 2015 года ў Луганскай вобласці былі затрыманыя расіяне Аляксандр Аляксандраў і Яўген Ерафееў, якіх украінскі бок назвала дзеючымі расійскімі вайскоўцамі. У адказ на гэта ў міністэрстве абароны Расіі заявілі, што яны праходзілі ваенную падрыхтоўку, але на момант затрымання не служылі ў расійскіх узброеных сілах. Між тым, у інтэрв'ю «Новай газеце» Аляксандраў і Ерафееў назвалі сябе дзеючымі вайскоўцамі.
Згодна з дакладам «Пуцін. Война» забітага расійскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова, які скончылі і апублікавалі яго паплечнікі, у жніўні 2014 года ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Украіны загінулі па меншай меры 150 расійскіх салдат. Каля 70 вайскоўцаў, як сцвярджаецца ў дакладзе, загінулі ў студзені і лютым 2015 года ў баях за чыгуначны вузел Дэбальцава.