У Іспаніі рыхтуецца путч
Праўда, гэтым разам гаворка не пра новы вайсковы мяцеж накшталт путчу генерала Франка супраць рэспублікі ў 1936-м. Путч супраць ураду Марыяна Рахоя рыхтуюць аднапартыйцы з урадавай Народнай партыі (РР). Як піша прэса, унутры РР узнікла апазіцыя, якая лічыць, што прэм’ер Марыяна Рахой праводзіць няправільны эканамічны курс.
Базай змоўнікаў з’яўляюцца правінцыйныя секцыі Народнай партыі, якія незадаволеныя тым, што ўрад, скарачаючы сацыяльныя артыкулы бюджэту, ігнаруе інтарэсы рэгіёнаў, большасць з іх патрабуюць субсідый. У некаторых раёнах датацыі з цэнтру да крызісу складалі 45 працэнтаў бюджэту. Цяпер у рамках прапанаванай урадам палітыкі эканоміі плануецца скараціць субсідыі ў 4 разы.
Парадаксальна, аднак сярод удзельнікаў фронды — нават кіраўніцтва сталічнага рэгіёну, дзе, як вядома, заўсёды больш грошай. Па чутках, мясцовыя бароны РР, быццам, нават гатовыя падтрымаць праект незалежнасці Каталоніі, каб давесці Мадрыду, што рэгіёны трэба паважаць. Пакуль, праўда, цяжка сказаць, якія канкрэтныя формы набудзе бунт.
Застаецца дадаць, што непрыемны сюрпрыз для Рахоя ў выглядзе з’яўлення ўнутранай апазіцыі быў зроблены роўна ў першую гадавіну прыходу кансерватараў да ўлады.
Паводле іспанскай прэсы