У Таджыкістане за заклікі да мітынгу блакавалі больш за 200 сайтаў і сацсеткі

Улады Таджыкістана блакавалі 200 сайтаў, у тым ліку сацыяльныя сеткі Vkontakte і Facebook, у сувязі з заклікамі выйсці на антыўрадавы мітынг 10 кастрычніка, паведамляе www.dw.de.



0_17415217_303_00.jpg

Улады Таджыкістана заблакавалі доступ да больш чым 200 сайтаў пасля таго, як у таджыкскім сектары сацсетак з'явіліся заклікі выйсці 10 кастрычніка на антыўрадавы мітынг "Таджыкістан патрабуе пераменаў". Сярод заблакаваных рэсурсаў сацыяльныя сеткі Vkontakte і Facebook, відэахостынг Youtube, руская версія Вікіпедыі, шэраг расійскіх СМІ, а таксама сайт amazon.com, паведамілі агенцтву "Інтэрфакс" у панядзелак, 6 кастрычніка, прадстаўнікі сотавых аператараў і кампаній-правайдэраў.

Паводле прадстаўніка кіраўніцтва інтэрнэт-правайдэра рэспублікі, распараджэнне аб блакаванні і спіс сайтаў паступіла ад Службы сувязі Таджыкістана. Паводле яго слоў, улады запатрабавалі таксама зачыніць доступ да дзясяткаў сайтаў-ананімайзераў, якія дазваляюць абыходзіць блакавання інтэрнэт-рэсурсаў.

Між тым, кіраўнік Службы сувязі пры ўрадзе Бег Сабураў абверг дачыненне свайго ведамства да блакавання сайтаў. "Я не даваў указанняў зачыніць доступ да Facebook і іншых сацыяльных сетак", — заявіў ён і адзначыў, што некаторыя сайты залішне палітызаваныя і "распальваюць канфлікты, а таксама размяшчаюць экстрэмісцкія заклікі і выказванні".