Пра «вынікі разгляду патрабавання» БАЖ паведамяць «у тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам»

Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі разгледзела заяву ГА «БАЖ» наконт пераследу фрылансераў.



list_1_.jpg

Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ «не мае права кантраляваць дзейнасць судоў і іншых дзяржаўных органаў, а таксама даваць ацэнку законнасці рашэнняў, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі», – піша старшыня Пастаяннай камісіі Аляксандр Наумовіч.  

Што да судовых пастановаў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, то яны «могуць быць абскарджаны ў парадку, вызначаным Працэсуальна-выканаўчым кодэксам РБ», а дзеянні супрацоўнікаў міліцыянтаў – у МУС, нагадвае сп. Наумовіч.

«Пра вынікі разгляду патрабавання прывесці акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і Міжнародым пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах Вы будзеце праінфармаваныя ў тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам”, – піша старшыня камісіі.  

У заяве, прынятай 26 верасня, ГА “БАЖ” пратэставала супраць пераследу ў адміністрацыйным парадку журналістаў, якія размяшчаюць свае матэрыялы ў замежных медыя. Яна патрабавала, каб супрацоўнікі органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных органаў спынілі адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў, каб судовыя рашэнні, вынесеныя ў дачыненні да журналістаў па ч.2 арт. 22.9 КаАП, былі апратэставаныя ўпаўнаважанымі службовымі асобамі, а таксама каб суб'екты нарматворчасці прывялі акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і Міжнародым пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Тэкст заявы быў накіраваны генеральнаму пракурору, міністру ўнутраных спраў, старшыню Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама старшыню Вярхоўнага Суда.

baj.by