У Магілёве журналіста аштрафавалі на 6 млн рублёў
Судзя Ленінскага раённага суда Алена Волкава прызнала яго вінаватым у парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Алеся Буракова пакаралі за вытворчасць і распаўсюд інфармацыі для радыё “Нямецкая хваля”. Нагодай для адміністрацыйнай справы стаў артыкул, які быў размешчаны на сайце радыёстанцыі і быў падпісаны яго прозвішчам.
Прыкладам “незаконнай прадукцыі”, якую нібыта “вырабіў і распаўсюдзіў” журналіст, суд палічыў размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова і некаторыя іншыя публікацыі. Артыкулы на сайце рускай службы радыё “Нямецкая хваля” сталі таксама падставай для ператрусу ў яго асабістай кватэры і кватэры яго бацькоў 16 верасня.
“Я падлічыў, што на кожны рубель майго штрафу дзяржава выдаткавала два альбо тры”, — заявіў пасля заканчэння суда 8 кастрычніка службе маніторынгу ГА “БАЖ” Аляксандр Буракоў. З матэрыялаў адміністрацыйнай справы вынікае, што толькі на экспертызу забраных у яго камп’ютараў пайшло 5 млн. рублёў. А з улікам праведзеных цэлай групай міліцыянтаў ператрусаў і двухдзённага разгляду яго справы ў судзе гэтая сума істотна вырасла, — разважае журналіст.
Пасля атрымання матывавальнай часткі рашэння ён збіраецца абскарджваць яго ва ўсіх магчымых інстанцыях аж да Камітэта па правах чалавека ААН.
Буракоў сваёй віны не прызнаў.