У Венесуэле стварылі віцэ-міністэрства народнага шчасця

Пра стварэнне такой структуры аб’явіў прэзідэнт краіны Нікалас Мадура. Новае ведамства будзе займацца вырашэннем праблемаў, якія ўзнікаюць у старых, дзяцей, інвалідаў і бяздомных.



madura.jpg

Кіраўніком віцэ-міністэрства прызначылі былога дэпутата Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы Рафаэля Рыаса, паведамляюць замежныя інфармагенцтвы.

Таксама прэзідэнт Нікалас Мадура абвясціў у краіне Дзень любові і вернасці былога кіраўніка дзяржавы Уга Чавеса. Гэтае свята будзе адзначацца 8 снежня. З чым звязаны выбар гэтай даты, Мадура не патлумачыў.

8 снежня 2012 года Уга Чавес заявіў, што ў ягоным арганізме знайшлі злаякасныя ракавыя клеткі, хоць за некалькі месяцаў да гэтага паведамлялася пра ягоную поўную перамогу над хваробай. Тады ж Уга Чавес упершыню назваў Мадура сваім пераемнікам.

Чавес памёр 5 сакавіка 2013 года. Мадура быў абраны прэзідэнтам на пазачарговых выбарах, якія прайшлі ў красавіку.

euroradio.fm