Украіна. Ці выратуе Януковіча ад сацыяльных пратэстаў мультфільм?
На ўкраінскім тэлебачанні з вялікай помпай прадэманстравалі першую серыю палітычнага мультфільма «Казачная Русь», дзе персанажы прадстаўляюць палітычную тусоўку краіны.
Мультфільм створаны студыяй «95 квартал» (былая каманда КВЗ з Крывога Рогу), адным з галоўных уладальнікаў якой лічыцца віцэ-прэм’ер Валер Харашкоўскі. Сярод герояў
мульціка — Віктар Януковіч і яго папярэднік Віктар Юшчанка, прэм’ер Мікалай Азараў, які дрэнна размаўляе на ўкраінскай мове, віп-вязень Юлія Цімашэнка, Арсень Яценюк і г.д.
Героі казкі па сюжэту сварацца паміж сабой з-за нейкіх бытавых тэмаў. Нягледзячы на тое, што гарант паказаны камічна, эксперты пабачылі тут глабальны падтэкст. А менавіта: украінская палітыка падаецца аўдыторыі як простая серыя бытавых міжасобасных канфліктаў. Між тым, ва ўмовах пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча ўвесь час узрастае рызыка прамых пратэстаў насельніцтва. Пагрозы гвалту з боку міліцыі і «Беркута» не заўсёды з’яўляюцца эфектыўнымі. Таму перад уладай узнікла маштабная задача — зменшыць жаданне грамадзян актыўна ўдзельнічаць у палітыцы. Мы бачым перавод канфліктаў з плоскасці сутыкнення ідэалогій, інтарэсаў алігархаў і сацыяльных груп у кухонныя разборкі. Выходзіць на вуліцу супраць Падатковага ці Працоўнага кодэксаў — быццам бы апраўдана. А вось выходзіць на вуліцу з-за побытавай сваркі Віці, Юлі і Сені (так паказана ў мульціку) не варта.
Паводле ўкраінскай прэсы