Украіна. Экс-футбаліст застаецца ў палітыцы
Славуты экс-футбаліст Андрэй Шаўчэнка застаецца ў партыі «Украіна — наперад» (лідар Наталля Каралеўская). Нагадаем, што Шаўчэнка падаўся да Каралеўскай напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія партыя «Украіна — наперад» катастрафічна прайграла, нягледзячы на шалёную рэкламу (партыя атрымала 1,5 працэнта).
Наталля Каралеўская і Андрэй Шаўчэнка
Аднак, калі верыць Андрэю, катастрофа ніякім чынам не паўплывала на яго прыхільнасць да справы Наталлі Каралеўскай. Па словах Шаўчэнкі, бліжэйшым часам ён будзе дапамагаць партыі збіраць аднадумцаў па ўсёй краіне і рыхтавацца да наступных выбараў.
Між тым, палітолагі лічаць, што да наступных выбараў праект «Украіна — наперад» можа не дажыць. Невядома, ці працягне падтрымліваць Каралеўскую алігарх Рынат Ахметаў.
Што тычыцца Каралеўскай, то яна зрабіла сенсацыйную прамову: заявіла, што выбары ў Вярхоўную Раду былі фальсіфікаваныя… аранжавай апазіцыяй. Быццам дэмакраты загадзя дамовіліся з Партыяй рэгіёнаў наконт падзелу дэпутацкіх месцаў, а цяпер гуляюць у спектакль пад назвай «пратэсты супраць фальсіфікацый».
Паводле ўкраінскай прэсы