Украіна. Мары пра Робін Гуда

Незвычайную рэакцыю ў грамадскасці выклікала навіна пра смерць Яраслава Мазурка. Яраслаў Мазурок — былы ахоўнік, галоўны падазраваны ў забойстве трох ахоўнікаў у кіеўскім гіпермаркеце «Караван», дзе ён спрабаваў абрабаваць адно з аддзяленняў банку.



fgfg.jpg

Гэта падзея шакавала ўсіх. МЗС Украіны палічыў справай гонару знайсці Мазурка і арганізаваў шырокую кампанію па пошуку забойцы. Аднак ніякіх вынікаў следчыя мерапрыемствы не далі, што нават дазволіла высунуць версію пра тое, нібы забойца збег за мяжу (сярод краін, дзе ён мог хавацца, згадвалася і Беларусь). Аднак у выніку Мазурка ўсё ж знайшлі. Праўда, не яго, а яго цела ў адным з паркаў. Міліцыя кажа пра самазабойства, аднак у гэтую версію вераць слаба. Шмат хто лічыць, што Мазурка забілі міліцыянеры, якія былі звязаныя са спробай абрабавання ў «Караване». Яшчэ адна версія — Мазурка даўно высачылі, аднак вырашылі забіць толькі зараз, каб адцягнуць увагу вельмі палітызаванай пасля выбараў 26 кастрычніка публікі ад тэмы выбарчых фальсіфікацый. Цікава, што грамадства маральна на баку Мазурка. Сацыёлагі ўжо паспрабавалі прааналізаваць феномен і лічаць, што прычыны такой з’явы ў агульных трэндах. Апошнія гады грамадзяне Украіны кожны дзень сутыкаюцца з несправядлівасцю ў адносінах да сябе і блізкіх. У суды, якія цалкам падкупныя, ісці няма сэнсу. Адсюль мара пра Робін Гуда, на ролю якога гатовыя запісаць і забойцу з «Каравана».


Паводле ўкраінскай прэсы