Украіна ўвяла санкцыі супраць Расіі
Адпаведны ўказ падпісаў Пётр Парашэнка.
У санкцыйны спіс фізічных асоб увайшлі, у прыватнасці, 86 так званых "міжнародных назіральнікаў на выбарах" у Данецкай і Луганскай абласцях і Аўтаномнай рэспубліцы Крым, а таксама кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, старшыня Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін, міністр абароны РФ Сяргей Шайгу, і расійскія дзеячы культуры. Да іх прымяняецца санкцыя ў выглядзе забароны на ўезд на тэрыторыю Украіны.
Таксама ў спісе найбуйнейшы расійскі вытворца антывірусаў "Лабараторыя Касперскага", яе ўкраінскае даччынае прадпрыемства і яшчэ адзін вытворца антывірусаў — "Доктар Вэб". У адпаведнасці з указам, забараняецца ажыццяўляць дзяржзакупкі тавараў, работ і паслуг гэтых кампаній. Таксама ўстанаўліваецца забарона на выкарыстанне органамі дзяржаўнай улады антывірусных праграмных прадуктаў Kaspersky вытворчасці расійскіх камерцыйных структур.
Акрамя таго, у санкцыйны спіс патрапілі ААТ "Першы канал", ААТ "Тэлекампанія НТВ" і тэлеканалы "РТР-Планета" і "Расія-24". Да гэтых прадпрыемстваў прымяняюцца санкцыі ў выглядзе "абмежавання або спынення прадастаўлення тэлекамунікацыйных паслуг і выкарыстання тэлекамунікацыйных сетак агульнага выкарыстання".
У дачыненні да авія- і чыгуначных кампаній санкцыі прадугледжваюць абмежаванне, частковае або поўнае спыненне транзіту рэсурсаў, палётаў і перавозак праз тэрыторыю Украіны.
Паводле УНІАН