Украіна. Вуліца ў гонар музыканта

Гарадскі савет горада Масціцк, што на Львоўшчыне, прыняў незвычайнае рашэнне: у 50-ю гадавіну нараджэння Сяргея Кузьмінскага — памерлага лідара, напэўна, самага вядомага ўкраінскага рок-гурта «Браты Гадзюкіны» — назваць у яго гонар адну з запраектаваных вуліц.

Такую ўзнагароду музыкант заслужыў за тое, што неяк напісаў песню «Приїдь до мене у Мостиська», якая стала неафіцыйным гімнам гораду. З гэтай нагоды 5 кастрычніка ў горадзе адбыўся святочны канцэрт і мітынг з удзелам прадстаўнікоў мэрыі. Рашэнне кіраўніка Масціцка, безумоўна, добрае, аднак нельга не згадаць, што, калі два гады таму Кузьмінскі памёр, пра яго нават не згадалі. На пахаванне самага вядомага рокера Украіны ў Львове прыйшло  толькі некалькі дзясяткаў яго знаёмых. Гэта было часткова звязана з тым, што сам Кузьмінскі доўгі час быў наркаманам, а тэксты песняў утрымлівалі тэму наркотыкаў. Застаецца дадаць, што Кузьмінскі напісаў яшчэ і неафіцыйны гімн абласнога цэнтру Цярнопаль. Гаворка пра песню «Файне місто Тернопиль». Магчыма, маштаб прысутнасці імя Кузьмінскага ў тапаграфічных назвах Украіны хутка павялічыцца.
Паводле ўкраінскай прэсы