Украіна збіраецца правесці ваенныя вучэнні каля мяжы з Беларуссю
Іх прызначылі ў кропках магчымага ўварвання расійскіх войскаў. Вучэнні пройдуць у Херсонскай вобласці, якая мяжуе з Крымам, у Адэскай вобласці, дзе чакаюць атакі з Прыднястроўя і Чорнага мора, а таксама на ўсходніх і паўночных межах, інфармуе БелаПАН.

Як бачым, украінскі бок не выключае ўварвання расійскіх войскаў і праз беларуска-ўкраінскую мяжу. Як вядома, на тэрыторыі нашай краіны знаходзяцца толькі некалькі расійскіх ваенных аб'ектаў і самалёты-знішчальнікі. Учора стала вядома, што, на просьбу беларускага боку, іх колькасць можа павялічыцца на 12 самалётаў. Прычынай было названае ўзмацненне прысутнасці авіяцыі NATO каля заходніх межаў Беларусі (у Літве і Польшчы).
Як паведамляюць украінскія СМІ, уварванне расійскіх войскаў у мацярыковую частку Украіны можа пачацца ў любую хвіліну. Праўда, некаторыя эксперты называюць 17–18 сакавіка, калі ўжо пройдзе рэферэндум у Крыме. Тым часам у Кіеве заяўляюць, што ёсць абяцанні камандавання сілаў NATO: Украіну падтрымаюць "у момант неабходнасці".

Фота — ria.ru