Украінскія войскі сыходзяць з Дэбальцава: «Гарбуз не ператварыўся ў карэту»
Пра гэта ж напісаў у Facebook дэпутат Вярхоўнай Рады, камандзір батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка:

«Адвод войскаў з Дэбальцава ажыццяўляецца планава і арганізавана. Усе казкі пра кантроль над Логвінавам аказаліся казкамі — гарбуз не ператварыўся ў карэту. Трасу Дэбальцава-Арцёмаўск мы не кантралюем менавіта з-за Логвінава. Іншыя дарогі шчыльна трымае Нацгвардыя, „Данбас“ і часткі Узброеных сіл Украіны. Праціўнік спрабуе перарэзаць гэтыя дарогі і перашкодзіць выхаду групоўкі».
«Новое время» паведамляе, што з Дэбальцава з баямі ўжо выйшлі 128-я брыгада Ўзброеных сіл Украіны і 40-ы батальён «Крыўбас».
Цяжкія баі ў раёне Дэбальцава ідуць са студзеня. На саміце «нармандскай чацвёркі» ў Мінску прэзідэнт РФ Уладзімер Пуцін заявіў, што ў «катле» пад Дэбальцавам знаходзяцца 6–8 тысяч украінскіх салдат.

Украінскія ўлады заўсёды адмаўлялі існаванне «катла» ў Дэбальцаве. Журналісты і вайсковыя эксперты казалі, што гаворка ідзе толькі пра «аператыўнае акружэнне» — гэта значыць, што баевікі кантралююць ключавую дарогу з Дэбальцава, аднак прасёлачныя і палявыя дарогі застаюцца свабоднымі.
Учора сітуацыя ў Дэбальцаве рэзка ўскладнілася. На працягу дня паступалі паведамленні пра тое, што ўкраінскія войскі былі часткова выбітыя з Дэбальцава, а дарогі, якія вядуць з гораду, баевікі трымаюць пад агнявым кантролем, і праехаць па іх без страт ужо нельга.