Ультраправыя трыумфуюць: у Італіі сфармавалі новы ўрад на чале з Джорджай Мелоні

Сёння прыйшлі да прысягі ўсе 24 міністры новага ўрада Італіі. Большасць пасад — у кааліцыі ультраправых партый.

Новая прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні. Фота: «Reuters»

Новая прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні. Фота: «Reuters»


Лідарка правай партыі «Браты Італіі» Джорджа Мелоні стала новым прэм'ер-міністрам краіны. Сёння раніцай Мелоні і міністры яе кааліцыйнага ўрада былі прыведзеныя да прысягі, паведамляе «Бі-бі-сі».
У новы італьянскі ўрад увайшлі тры партыі: акрамя «Братоў Італіі», гэта «Ліга» Матэа Сальвіні і «Наперад, Італія!», якую афіцыйна ўзначальвае Антоніа Таяні, а неафіцыйна — экс-прэм'ер Сільвіа Берлусконі.
Сальвіні і Таяні сталі віцэ-прэм'ерамі. Таяні, акрамя таго, заняў пасаду міністра замежных спраў, а Сальвіні — міністра інфраструктуры.


Кіраўніком МУС стаў Матэа П'янтэдозі, які лічыцца прыхільнікам Сальвіні і змагаром супраць нелегальнай іміграцыі. Міністрам юстыцыі стане Карла Нордзіа (партыя «Браты Італіі»), міністрам абароны — Гуіда Кразета («Браты Італіі»).
Міністэрства эканомікі ўзначаліў прадстаўнік «Лігі» Джанкарла Джарджэці, Міністэрства эканамічнага развіцця — Адольфа Урса («Браты Італіі»), Міністэрства энергетыкі — Паола Дзангрыла з партыі «Наперад, Італія!».
Мелоні стала першай прэм'ер-міністаркай у гісторыі Італіі і першай ультраправай кіраўніцай італьянскага ўрада з часоў Другой сусветнай вайны.
Нагадаем, на гэтым тыдні ў італьянскай палітыцы здарыўся скандал: у прэсе з'явіліся два аўдыязапісы размоў Сільвіа Берлусконі, у якіх 86-гадовы палітык вельмі прыхільна выказваецца на адрас расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.


На першым запісе Берлусконі выхваляецца, што Пуцін даслаў яму ў падарунак на дзень нараджэння 20 бутэлек гарэлкі і назваў яго, Берлусконі, «нумарам адзін з пяці сваіх найлепшых сяброў».
Другі аўдыязапіс зроблены на сустрэчы Берлусконі з аднапартыйцамі. Выступаючы перад імі з прамовай, ён падтрымаў афіцыйную версію Крамля пра прычыны ўварвання ва Украіну: нібыта Уладзімір Зяленскі і краіны Захаду падманам уцягнулі Маскву ў канфлікт і вымусілі распачаць поўнамаштабную вайсковую аперацыю.
У верасні ў эфіры аднаго з італьянскіх тэлеканалаў Берлусконі заявіў, што расійскі прэзідэнт нібыта проста хацеў замяніць адміністрацыю дэмакратычна абранага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага «ўрадам прыстойных людзей».
Пры гэтым былы італьянскі прэм'ер адмаўляе цяперашнія закіды прэсы і заяўляе, што падтрымлівае пазіцыю Італіі і ЕС адносна вайны ва Украіне. Яго паплечніца і цяперашняя кіраўніца італьянскага ўрада Джорджа Мелоні не раз прама і гучна заяўляла пра падтрымку Украіны і ўсяляк намагалася адхрышчвацца ад такіх абвінавачанняў.