Італія: кіруючая кааліцыя трашчыць па швах

У палітычных колах Італіі намячаецца раскол. Прычына гэтаму — Уладзімір Пуцін.

Сільвіа Берлусконі і Джорджа Мелоні

Сільвіа Берлусконі і Джорджа Мелоні


Італьянскія палітыкі і палітолагі называюць ударам па кіруючай кааліцыі заяву Сільвіа Берлусконі: СМІ апублікавалі запіс яго выступу на закрытай сустрэчы, дзе той абвясціў, што «аднавіў адносіны» з Уладзімірам Пуціным. Гаворка ішла пра абмен «мілымі лістамі», у якіх палітыкі «запэўніваюць адно аднаго ў сяброўстве», і падарункамі — 20 бутэлек гарэлкі на 20 бутэлек «Ламбруска». Хутчэй за ўсё, гэта адбылося прыкладна 29 верасня, у дзень нараджэння Берлусконі, паведамляе тэлеканал «Euronews».


Сам дон Сільвіа заявіў, што гісторыя, якую ён расказаў дэпутатам, адбылася яшчэ ў 2008 годзе. Рашэннем Пуціна пачаць вайну Берлусконі, паводле яго слоў быў моцна расчараваны і спрабаваў некалькі разоў стэлефанавацца з расійскім прэзідэнтам, але той не браў слухаўку.
Кааліцыю правых і ультраправых сіл, у якую ўваходзіць і партыя «Наперад, Італія!» Берлусконі, і раней абвінавачвалі ў прарасійскіх настроях. Цяперашняя прэм'ер-міністарка Італіі і калега Берлусконі па кааліцыі Джорджа Мелоні не раз прама і гучна заяўляла пра падтрымку Украіны і ўсяляк намагалася адхрышчвацца ад такіх абвінавачанняў, праз што яны ледзь не пасварыліся падчас размеркавання партфеляў.


Мелоні даўно працуе з Берлусконі. Яшчэ ў 2008 годзе той прызначыў яе на пасаду міністаркі моладзі і спорту. Джорджы на той момант было ўсяго 31 год, і яна стала самай маладой міністаркай у гісторыі Італіі. Яе партыя «Браты Італіі» была створаная ў 2012 годзе. На выбарах 2018 года яна атрымала ўсяго 4% галасоў выбаршчыкаў, а вось сёлета партыя, якая пад дэвізам «Бог, бацькаўшчына і сям'я» выступае супраць правоў ЛГБТ-людзей і мусульманскіх мігрантаў, перамагла ў выбарах. І партыю, і саму Мелоні абвінавачваюць у падтрымцы фашызму.