Ураджэнца Беларусі асудзілі за незаконнае фінансаванне кампаніі Трампа

Ураджэнца Беларусі Ігара Фрумана прысудзілі да аднаго года і аднаго дня турэмнага зняволення за яго ролю ў схеме ўводу расійскіх грошай у выбары ЗША, піша CNN. Ён з'яўляўся адным з былых паплечнікаў Рудольфа Джуліяні, які быў адвакатам экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Абвінавачаны ў незаконным фінансаванні Трампа Ігар Фруман

Абвінавачаны ў незаконным фінансаванні Трампа Ігар Фруман


Агучаны ўчора прысуд аказаўся мякчэйшым за запытаны федэральнымі пракурорамі. Пракурор Хейган Скотэн папрасіў суддзю прысудзіць Фрумана да пакарання ў 37-46 месяцаў, спасылаючыся на «сур'ёзную шкоду», якую яго дзеянні нанеслі ўпэўненасці грамадства ў справядлівай выбарчай сістэме. Пракуроры таксама прасілі прызначыць штраф у памеры ад 15 да 150 тысяч долараў ЗША. У выніку яму прызначылі штраф у 10 тысяч долараў.
Фруман і яшчэ адзін паплечнік Джуліяні бізнесмен Леў Парнас былі затрыманыя ў 2019 годзе падчас пасадкі на рэйс у Еўропу на квіток у адзін канец. Іх абвінавачвалі ў парушэнні выбарчага заканадаўства ЗША ў частцы фінансавання кампаніі. Яны працавалі з Джуліяні над яго спробамі накапаць кампрамат на палітычнага суперніка Трампа Джо Байдэна і яго сына Хантэра ва Украіне.
У верасні Фруман прызнаў сябе вінаватым па адным пункце абвінавачання — у прыцягненні замежных донараў да ўдзелу ў амерыканскіх кампаніях. У наступным месяцы Парнас быў асуджаны па шасці пунктах абвінавачання, звязаных з замежнымі донарамі і схемай «саламянага донара». Яму патрэбны будзе яшчэ адзін судовы працэс па абвінавачанні ў падмане інвестараў у кампаніі «Fraud Guarantee». Парнас не прызнаў сябе вінаватым.
«За апошнія 835 дзён у мяне была магчымасць абдумаць свае дзеянні, праз якія я апынуўся перад вамі. Гэта ганьба, якая будзе жыць са мной вечна, але я магу запэўніць вас, маю сям'ю і ўрад, што я ніколі больш не паўстану перад вамі ці іншай залай суда», — гаварылася ў зачытанай у судзе заяве Фрумана.
Яго адвакат Тод Бланш сказаў, што яго кліент «адчувае палёгку ад таго, што цяпер ён можа пакінуць у мінулым апошнія некалькі гадоў і вярнуцца да працы і забеспячэння сваёй сям'і ў краіне, якую ён любіць».
Фруман павінен здацца ў турму да 14 сакавіка. Ён папрасіў адбываць тэрмін у папраўчай установе Оцісвіл на поўначы штата Нью-Ёрк, дзе адбываў тэрмін былы адвакат Трампа Майкл Коэн. Суддзя Пол Оэткен сказаў, што гэты варыянт будзе рэкамендаваць, але канчатковае рашэнне будзе прымаць Федэральнае бюро турмаў.
Нагадаем, пазбаўлены ў мінулым годзе адвакацкай ліцэнзіі Рудольф Джуліяні аказаўся ў цэнтры скандалу, зпраз які ў дачыненні да Дональда Трампа была ініцыяваная працэдура імпічменту. Гэта здарылася пасля тэлефоннай размовы ў 2019 годзе, падчас якой Трамп наўпрост папрасіў Зяленскага пачаць расследаванне ў дачыненні да Хантэра Байдэна — сына Джо Байдэна — і пагаварыць з Джуліяні і генпракурорам ЗША Уільямам Барам. Ён праходзіць па справе аб умяшанні ўкраінскіх чыноўнікаў у прэзідэнцкія выбары ў ЗША.
Паводле reform.by.