«Усходняе партнёрства» заклікала Расію адвесці войскі ад Украіны
Краіны — удзельнікі праграмы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» заклікалі Расію адвесці войскі ад мяжы з Украінай, і гатовыя выступіць пасярэднікамі ў вырашэнні расійска-ўкраінскага канфлікту.
Пра гэта гаворыцца ў дэкларацыі па выніках сустрэчы на вышэйшым узроўні «Усходняга партнёрства» ў Празе, паведамляе Радыё Свабода.
Удзельнікі сустрэчы таксама заклікалі Украіну ажыццявіць дэцэнтралізацыю ўлады ў краіне ў адпаведнасці з пагадненнем ў Жэневе. Ва «Усходнім партнёрстве» адзначылі, што гатовыя быць пасярэднікам паміж Украінай і Расіяй для выхаду з крызіснай сітуацыі.
У ініцыятыву ЕС «Усходняе партнёрства» ўваходзяць Украіна, Малдова, Беларусь, Грузія, Арменія і Азербайджан. На саміце ў Празе прысутнічалі прэзідэнты Азербайджана Ільхам Аліеў, Арменіі Серж Саргсян, Малдовы Мікалае Цімофці, Грузіі Георгій Маргвелашвілі. Украіну на сустрэчы прадстаўляў в.а. міністра замежных спраў Андрэй Дзешчыца.
Беларусь гэты саміт праігнаравала. Але раней прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць быць пасярэднікам у перамовах Масквы і Кіева і выказаўся супраць федэралізацыі Украіны.