Ва Украіне сцвярджаюць, што на вучэннях «Захад-2021» будуць адпрацоўваць захоп некалькіх украінскіх гарадоў

Ва Украіне сцвярджаюць, што на вучэннях «Захад-2021» будуць адпрацоўваць захоп некалькіх украінскіх гарадоў, піша «Свабода».

rossiisko_belorusskie_ucheniya_bwjlpdi0_1613418158.jpg


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў аб атрыманні інфармацыі, што падчас сёлетніх супольных беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў «Захад-2021» плануюць адпрацоўваць захоп трох украінскіх гарадоў.
Пра вучэнні «Захад-2021» Уладзімір Зяленскі згадаў, калі адказваў на пытанне замежных журналістаў пра прычыны вайсковай эскалацыі каля ўкраінскіх межаў вясной і настойванне Расіі на вядзенні прамых перамоў Украіны з прадстаўнікамі так званых «народных рэспублік».
«Вяртаючыся да Расіі. Яны кажуць: "Для чаго мы тут? Вы размаўляйце з гэтымі таварышамі з ДНР/ЛНР". Тады пытанне: а "Захад-2021", вучэнні, якія вы праводзіце, а не "ЛДНР", не асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей (АРДЛА). Гэта ж вы (Расія) праводзіце. Тады скажыце мне, а чаму тут — паводле той інфармацыі, якую мы атрымліваем — адпрацоўваюцца варыянты магчымага захопу Кіева, Адэсы, Харкава? Проста здзіўляешся, як можна вось так гаварыць адно, а рабіць і іншае», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны таксама не выключае, што эскалацыя можа аднавіцца ў любы дзень, і асабліва калі пачнуцца супольныя беларуска-расійскія вучэнні. «На жаль, мы павінны чакаць ускладненняў і штодзень быць да іх гатовымі. Але я мяркую, што гэта будзе. Імавернасць правакацый ёсць, у прыватнасці, у сярэдзіне верасня, калі будзе «Захад-2021».
У той жа час Уладзімір Зяленскі мяркуе, што Расія не зацікаўленая ў поўнамаштабнай вайне. «Я вельмі ў гэта веру, бо думаю, што гэта Трэцяя сусветная вайна. Упэўнены ў гэтым, таму што мы не здамося, пойдзем да канца. Расія таксама гэта разумее», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
Сёлета ў студзені Міністэрства абароны Беларусі заявіла пра нібыта нарошчванне вайсковага патэнцыялу ў памежных краінах. У сувязі з гэтым супольна з расійскім вайсковым ведамствам распрацавалі задуму стратэгічнага вучэння «Захад-2021».
Плануецца, што манеўры пройдуць цягам тыдня — з 10 да 16 верасня — пад кіраўніцтвам начальнікаў генеральных штабоў Узброеных сіл Беларусі і Расіі.
Аналагічныя вучэнні прайшлі ў 2017 годзе на шасці палігонах і двух участках мясцовасці ў Беларусі і трох палігонах у Расіі. У іх было задзейнічана блізу 13 тысяч вайскоўцаў, 70 самалётаў і верталётаў, 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў.
За вучэннямі назіралі прадстаўнікі сямі дзяржаў, у тым ліку краін NATO.