Венесуэла. Абвінавачаны ў кантрабандзе наркотыкаў генерал ачоліў МУС

Генерал арміі Нестар Рэвероль, якога ЗША абвінавачваюць у кантрабандзе наркотыкаў, прызначаны міністрам унутраных справаў Венесуэлы.

1554539_20130410063146.gif


Пра гэтае кадравае прызначэнне паведаміў прэзідэнт краіны Нікалас Мадура ў сваёй штотыднёвай тэлепраграме “На сувязі з Мадурай”.


“Я цалкам падтрымліваю [Рэвероля]. Ён стаў мэтай нападак амерыканскай імперыі”, — заявіў венесуэльскі кіраўнік.


У часы Уга Чавеса генерал ужо займаў пасаду міністра ўнутраных справаў, а таксама раней ён ачольваў нацыянальнае агенцтва па барацьбе з наркатрафікам і венесуэльскую нацгвардыю.


“На пасадзе прэм’ер-міністра ён пабіў сусветны рэкорд па колькасці затрыманых наркагандляроў, таму яны хочуць, каб ён за гэта заплаціў”, — сказаў Мадура.


Напярэдадні прызначэння стала вядома, што федэральная служба па барацьбе з наркотыкамі ЗША выставіла супраць Рэвероля і яшчэ аднаго чыноўніка абвінавачанні ў падтрымцы наркагандляроў. Амерыканскія праваахоўнікі лічаць, што Рэвероль і другі чыноўнік, Эдыльберта Маліна з 2008 па 2010 гады бралі хабары ў наркагандляроў і за гэта папярэджвалі іх пра будучыя рэйды. Таксама ў ЗША сцвярджаюць, што генерал арганізоўваў вызваленне затрыманых наркагандляроў і вяртанне канфіскаваных партыяў наркотыкаў, перадае ВВС.  


Венесуэла цяпер перажывае цяжкі эканамічны і палітычны крызіс. Падзенне коштаў на нафту прывяло да таго, што ў краіне ўзнік дэфіцыт тавараў штодзённага попыту. Эканамічныя праблемы выклікаюць рэзкую крытыку рэжыму Мадуры.