Венесуэла. За здароўе Чавеса змагаюцца ў Фэйсбуку

Віцэ-прэм’ер Венесуэлы Нікалас Мадура заклікаў суайчыннікаў, і перш за ўсё прыхільнікаў цяперашняга курсу, быць больш актыўнымі ў сацыяльных сетках. Па словах Мадура, кожны свядомы прыхільнік баліварскай рэвалюцыі павінен абараняць тэзіс пра тое, што Уга Чавес хутка стане на ногі.  



690108.jpg

Нагадаем, што апошнім часам пашырыліся чуткі пра тое, што прэзідэнт Венесуэлы можа стаць ахвярай хваробы на рак, ад якой ён пакутуе апошнія паўтары гады. Падобныя спекуляцыі садзейнічалі дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Па словах Мадура, калі патрыёты будуць на інтэрнэт-форумах аспрэчваць інсінуацыі наконт здароўя прэзідэнта, «путчу ў мазгах» можна будзе пазбегнуць. Варта зазначыць, што Венесуэла — адзін з лідараў у Лацінскай Амерыцы па колькасці карыстальнікаў Twitter. Так, у самога Чавеса больш за 3 мільёна чытачоў яго акаўнта ў Twitter, які, праўда, па невядомых прычынах, не абнаўляецца ўжо больш за месяц.

Апазіцыя ў сваю чаргу кажа, што выхад на Facebook і Twitter не дапаможа чавістам. Чуткі пра хуткую смерць гаранта можа спыніць толькі праўдзівая інфармацыя пра здароўе Чавеса, якую, па іх словах, улада хавае. Увогуле, словы Мадура з’яўляюцца вялікім прагрэсам. Раней ён заклікаў разглядаць распаўсюд інфармацыі пра кепскае здароўя Чавеса ў інтэрнэце як удзел у спробе дзяржаўнага перавароту.

Паводле іспанскай прэсы