Венгерскі еўрадэпутат, які прызнаў анэксію Крыма, можа сесці на 15 гадоў
У чацвер 16 красавіка юрыдычны камітэт Еўрапарламента правядзе слуханні па справе еўрадэпутата, члена праварадыкальнай венгерскай партыі "Ёбік" Бейлі Ковача, якога абвінавачваюць у шпіянажы.

Як паведамляе выданне Mukachevo.net, калі факт шпіянажу на карысць замежнай дзяржавы супраць інстытутаў Еўрасаюза і Венгрыі будзе даказаны, Бейле Ковачу пагражае ад двух да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Калі дакажуць, што справа звязана з раскрыццём дзяржаўных таямніц — тэрмін зняволення можа быць максімальным для Венгрыі — да 15 гадоў.
У маі 2014 года генеральны пракурор Венгрыі абвінаваціў дэпутата Еўрапарламента ультраправай нацыяналістычнай партыі "Ёбік" Бейлі Ковача ў шпіянажы на карысць Масквы. Сам Ковач неаднаразова абвяргаў гэтыя абвінавачванні.
З-за спынення імунітэту Ковач ня браў удзел у першым туры дэбатаў у пачатку сакавіка, а цяпер мае магчымасць прывесці свае аргументы і адказаць на пытанні камітэта. Затым камітэт Еўрапарламента прыме рашэнне.
Венгерская партыя "Ёбік" вядомая не толькі прарасійскай, але таксама актыўнай антыўкраінскай пазіцыяй. Сам Бейлі Ковач таксама ўдзельнічаў у якасці назіральніка на так званым "рэферэндуме" ў Крыме, на "выбарах", арганізаваных баявікамі на Данбасе ў мінулым годзе.
Напрыканцы мінулага года чатыром сябрам партыі "Ёбік" забаранілі ўезд на тэрыторыю Украіны.