Вынікі экзітполаў не вызначылі пераможцу на выбарах у Германіі

У Германіі закрыліся выбарчыя ўчасткі. Паводле звестак экзітполаў, на выбарах у парламент ФРГ кансерватары з блока ХДС / ХСС і сацыял-дэмакраты набіраюць аднолькавую колькасць галасоў.

59314977_303.jpg


На парламенцкіх выбарах у ФРГ перамогу можа атрымаць як кансерватыўны блок Хрысціянска-дэмакратычнага саюза і Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХДС/ХСС), так і сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ). Па даных апытанняў выбаршчыкаў, апублікаваных пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання ўвечары ў нядзелю, 26 верасня, абедзве партыі набіраюць па 25 працэнтаў галасоў, паведамляе DW.

На трэцім месцы — партыя «Саюз-90 / Зялёныя», якая набрала 15 працэнтаў галасоў. Правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Германіі» і Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) набралі па 11 працэнтаў галасоў. Паводле звестак экзітполаў сацыялагічнай службы Infratest dimap, у парламент таксама праходзіць Левая партыя, за якую прагаласавалі 5 працэнтаў выбаршчыкаў.

Выбарчыя ўчасткі зачыніліся ў 18.00 па мясцовым часе (19.00 па Мінску). Канцлер ФРГ Ангела Меркель не вылучала сваю кандыдатуру на мінулых выбарах. Аднак яна застанецца на сваёй пасадзе, пакуль не будзе абраны яе пераемнік або пераемніца і сфармаваны новы ўрад Германіі.

bezym_1111.png


У цяперашніх парламенцкіх выбарах удзельнічала найбольшая колькасць партый з моманту ўз’яднання Германіі. Па даных Федэральнай выбарчай камісіі, сваіх кандыдатаў вылучылі 47 палітычных аб’яднанняў. Рэальныя шанцы трапіць у парламент, паводле апытанняў, маюць блок ХДС/ХСС, сацыял-дэмакраты, «зялёныя», лібералы са Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП), «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) і Левая партыя. Усяго за месцы ў бундэстагу змагалася рэкордная колькасць кандыдатаў — 6211, у тым ліку 2024 жанчыны.

Нямецкі парламент налічвае не менш за 598 дэпутатаў. Фармуецца ён па змяшанай сістэме. Палова месцаў адводзіцца кандыдатам, якія былі абраныя ў 299 аднамандатных акругах простай большасцю галасоў, гэта значыць па мажарытарнай сістэме. Другая палова размяркоўваецца паміж кандыдатамі, якія прайшлі ў бундэстаг па партыйных спісах, у залежнасці ад таго, колькі галасоў атрымала тая ці іншая партыя. Паводле ацэнак экспертаў, у новы склад бундэстага могуць увайсці ад 672 да 912 дэпутатаў.

На працягу некалькіх тыдняў паступалі паведамленні аб тым, што рэкордная колькасць выбаршчыкаў прагаласавала па пошце. Адна з прычын — пандэмія каронавіруса. Доля такіх выбаршчыкаў можа скласці каля 40% пададзеных галасоў.

Праз некалькі тыдняў заканадаўцам трэба будзе абраць новага федэральнага канцлера, які затым сфармуе ўрад.