Селяць у намёты. Цэнтр прыёму ўцекачоў на ўсходзе Германіі перапоўнены мігрантамі, якія прыйшлі з Беларусі
У нямецкім рэгіёне Усходні Брандэнбург непадалёк ад Берліна скончыліся месцы прыёму ўцекачоў, а людзі ўсё прыбываюць, піша «Свабода».
З пачатку верасня з Беларусі цераз Польшчу ў рэгіён
прыехалі больш за 600 мігрантаў з Ірака, Сірыі і Афганістана. Гэта амаль удвая
больш, чым у жніўні.
1100 месцаў у цэнтры ўцекачоў ужо занятыя. Новых мігрантаў
селяць у жылыя кантэйнэры і намёты.
Адзін з мігрантаў, студэнт з Емена, расказаў, што здолеў
нелегальна перайсці мяжу ў Польшчу з 12-й спробы. Адтуль яго з іншымі
мігрантамі прывезлі ў Германію. Стандартная плата перавозчыку — 1500 долараў
з чалавека.
24 верасня польскія памежнікі прадухілілі 347 спробаў
парушэння мяжы. Затрымалі 4 мігрантаў і 7 памагатых з польскага боку.
Літоўскія памежнікі развярнулі 36 мігрантаў.
У ліпені Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцый Беларусь больш не будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны ЕС.
Літва і Польшча пачалі будаваць сцяну на мяжы з Беларуссю.