WSJ: «ВКонтакте» стала пляцоўкай для хакерскіх нападаў

«Wall Street Journal» патлумачыў сэнс блакавання Украінай расійскіх сацсетак.  «ВКонтакте» і «Одноклассники» сталі зброяй хакераў, лічаць у ЗША.

2023767.jpeg

Выданне «Wall Street Journal» апублікавала артыкул, у якім распавядаецца пра пагрозы расійскіх сацсетак «ВКонтакте» і «Одноклассники».

Эксперты па кібербяспецы лічаць, што сацсеткі ўяўляюць яшчэ большую небяспеку, чым прапаганда: яны сталі стартавымі пляцоўкамі для хакерскіх нападаў, сцвярджае выданне.

Сацыяльныя сеткі дазваляюць хакерам збіраць асабістыя дадзеныя пра людзей, якіх збіраюцца атакаваць, а таксама выкарыстоўваюцца як платформа для размяшчэння шкодных праграм.

«Ва Украіне падобныя напады маглі мець фатальны характар», — гаворыцца ў артыкуле.

Пасля таго, як на ўсходзе Украіны пачалася вайна, амерыканская кампанія па кібербяспецы CrowdStrike выявіла, што расійскія хакеры, звязаныя з групай «APT 28», распаўсюдзілі праз «ВКонтакте» вірус для прыкладання для Android.

Шкодная праграма патрапіла ў праграмнае забеспячэнне для ўкраінскіх артылерыстаў, якое распрацаваў Яраслаў Шарсцюк. Праграма дазваляла разлічыць дадзеныя для навядзення ўкраінскіх гаўбіц. Аднак расійскі вірус дазволіў зламаць праграму і вызначаць месцазнаходжанне ўкраінскай артылерыі, каб потым расійскія сілы маглі нанесці па ёй удар.

Выданне піша, што ў мінулым годзе расійскія хакеры спрабавалі нават вывесці з ладу электрападстанцыю ў Кіеве. Іншая кібершпіёнская група з Расіі «Sandworm» зладзіла атаку на электрасеткі ў Заходняй Украіне. Пра гэта выданню распавёў аналітык кампаніі «FireEye» Джон Халтквіст.

«Выпадкі ва Украіне даюць магчымасць атрымаць інфармацыю пра суперніка да таго, як ён здзейсніць новыя напады на Захадзе», — адзначыў амерыканскі эксперт.

Паводле яго слоў, шкоднасны код «Sandworm», які выявілі ў Украіне, быў заўважаны і ў элетраэнергетычнай сетцы ЗША.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ўвёў у дзеянне рашэнне СНБА пра блакаванне сайтаў.

Паводле Корреспондент.net