З-за «контрсанкцый» Расіі «Газпром» не зможа выкарыстоўваць польскі ўчастак газаправода «Ямал-Еўропа»

«Газпром» не можа выкарыстоўваць польскі ўчастак газаправода «Ямал-Еўропа» для транспарціроўкі газу. Так у расійскай кампаніі пракаментавалі ўчорашнія санкцыі ўрада РФ у дачыненні да замежных энергетычных кампаній. У іх лік патрапіла кампанія EuRoPol GAZ, якая з'яўляецца ўладальнікам польскага ўчастка газаправода «Ямал — Еўропа».

imgpreview_1.jfif


«Устаноўлена забарона на здзяйсненне здзелак і плацяжоў на карысць асоб, якія знаходзяцца пад санкцыямі, у прыватнасці, для “Газпрома” гэта азначае забарону на выкарыстанне газаправода для транспарціроўкі расійскага газу праз Польшчу, што належыць кампаніі EuRoPol GAZ», — растлумачыў афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў, піша REFORM.by.

У яго каментары таксама адзначаецца, што 26 красавіка Польшча ўнесла «Газпром» у санкцыйны спіс, заблакаваўшы для кампаніі магчымасць ажыццяўляць правы па акцыях і іншых каштоўных паперах EuRoPol GAZ, і атрымліваць дывідэнды. Гэта ў расійскай кампаніі лічаць парушэннем яе правоў.

Трубаправод пачынаецца ў газатранспартным вузле ў Таржку (Цвярская вобласць). Праходзіць па тэрыторыі Расіі, Беларусі, Польшчы і Германіі. Канчатковая заходняя кропка — кампрэсарная станцыя «Мальнаў» паблізу нямецка-польскай мяжы. Магутнасць газаправода складае 34,7 млрд кубаметраў.

У EuRoPol Gaz польскай PGNiG належыць прама і ўскосна больш за 51%, а «Газпрому» — менш за 49 %. Апошнім часам газаправод выкарыстоўваўся не на поўную магутнасць.