За мінулыя суткі з Беларусі ў суседнія краіны спрабавалі трапіць больш за 500 мігрантаў
За мінулыя суткі польскія памежнікі зафіксавалі 373 спробы незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.
У Літву мясцовыя памежнікі не пусцілі 183 нелегальныя мігранты. Латвійскія пагранічнікі ў мінулую пятніцу, 22 кастрычніка, не пусцілі ў краіну 22 чалавекі. Новыя даныя прыводзяць памежныя ведамствы суседніх краін.
Польскія памежнікі за мінулыя суткі зафіксавалі 373 спробы нелегальнага перасячэння мяжы з Беларуссю. Таксама за дапамогу ў пераходзе мяжы затрымалі траіх замежнікаў — двух грамадзян Ірака і грамадзяніна Сірыі, паведамляюць польскія памежнікі ў сваім Twitter.
Літоўскія памежнікі за суткі з паўночы суботы па нядзелю, не пусцілі ў краіну 183 мігранты. Як паведамляе delfi.lt са спасылкай на мясцовых памежнікаў, у мінулую пятніцу ў Літву не пусцілі 76 мігрантаў, 57 — у мінулы чацвер, 79 — у сераду, 55 — у аўторак, 149 — у мінулы панядзелак.
Як адзначаюць літоўскія памежнікі, паток мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Літву з Беларусі, павялічваецца. Так, з 1 па 23 кастрычніка ў краіну не пусцілі 1558 чалавек, тым часам за ўвесь верасень было зафіксавана 981 спроба нелегальнага пераходу беларуска-літоўскай мяжы.
На беларуска-латвійскім участку за мінулую пятніцу былі зафіксаваныя 22 спробы нелегальнага пераходу мяжы, паведамляюць латвійскія пагранічнікі.