Замежная прэса пра Беларусь: 11–18 лістапада

Цяпер, калі Масква і Анкара знайшлі агульныя падыходы, апошняя імкнецца атрымаць карысць з гатоўнасці Мінска падыграць ёй, гуляючы ў «вялікую палітыку». Інтарэсы туркаў цалкам празрыстыя.

234502901.jpg



 У знешнепалітычным аспекце — выкарыстоўваць Мінск у сваёй гульні супраць Масквы. Ва ўнутрыпалітычным — замкнуць на сабе беларускіх мусульман, пераарыентаваўшы іх з расійскай Уфы на турэцкі Стамбул. Ну і адначасна выціснуць з Беларусі палітычных праціўнікаў Эрдагана.

REGNUM (Расія)


Ва Украіне сур’ёзна прапрацоўваюцца сцэнары ўварвання расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Такога павароту падзей па палітычных і эканамічных меркаваннях не хоча кіраўніцтва РБ. Аднак афіцыйны Мінск, які знаходзіцца ў шчыльнай залежнасці ад Крамля, будзе не ў стане доўга пярэчыць патрабаванням Масквы, калі такія паўстануць. Тым больш, што беларускія зямля і неба для агрэсіі супраць Украіны ўжо выкарыстоўваліся. (...) Эксперты лічаць, што кіраўніцтву Беларусі неабходна забяспечыць прызнанне нейтралітэту з боку замежных партнёраў, у першую чаргу Расіі. Гэта значыць, што нейтралітэт Беларусі павінен быць прымальным для Масквы. Фактычна, эксперты падымаюць праблему «фінляндызацыі Беларусі».

«Апостраф» (Украіна)


Жаданне Расіі забраць у краін Балтыі беларускі транзіт нясе прамую пагрозу Клайпедскаму порту, але, насуперак аптымізму расійскага кіраўніцтва, Беларусь не збіраецца сыходзіць з Літвы. Лукашэнка значна больш упэўнены ў літоўскіх партнёрах, чым у расійскіх. У партах краін Балтыі створана выдатная інфраструктура па перавозцы нафты з Беларусі. Беларусь не задавальняе і тое, што Расія, як гулец у покер, спрабуе выкарыстоўваць яе ў барацьбе супраць ЕС, краін Балтыі і Украіны. Менавіта таму Лукашэнка адмовіцца пераарыентаваць грузы на Расію.

BALTNEWS (Літва)


Адназначна можна сцвярджаць, што для Лукашэнкі і Захад, і Расія — патэнцыйныя пагрозы. Калі першы пакуль імкнецца пракрасціся ва ўнутрыпалітычнае жыццё рэспублікі толькі праз дзейнасць трэцяга сектара, то Расія наўпрост выкарыстоўвае інструменты шантажу і ціску. Досвед Украіны насцярожыў Лукашэнку і адносна магчымасці Расіі прымяніць сілавыя інструменты. На далучэнне Крыма ён адрэагаваў заявай, што «мы былі і ёсць суверэнная, незалежная дзяржава». І гэта зноў вынік палітыкі Расіі — відавочнае адлюстраванне страху перад тварам агрэсіўнай палітыкі Крамля, які ў сваёй непрадказальнасці перасягнуў нават Лукашэнку.

Rusland (Расія)


Беларусь застаецца самым анамальным палітычным рэжымам у Еўропе, перажыткам савецкай эпохі. Але ці зможа яна выжыць ва ўмовах сучаснага эканамічнага клімату? У краіне, дзе дэмакратычныя свабоды абмежаваныя, а ўсе найважнейшыя рашэнні прымаюцца аднаасобна кіраўніком дзяржавы, які нязменна знаходзіцца ва ўладзе ўжо 23-ці год запар — усе, хто імкнецца наладзіць кантакт з Захадам, сутыкаюцца з арміяй бюракратаў і кансерватыўных чыноўнікаў, чыёй галоўнай мэтай з’яўляецца не дапусціць, каб нейкія захады лібералізацыі эканомікі падарвалі ўладу існуючага палітычнага рэжыму.

Forexpf.ru (Расія)