Замежныя інвестары вывелі з Расіі $1,6 млрд за 4 месяцы
Адток замежных інвестыцый з расійскага рынку дасягнуў рэкорднага аб'ёму за 3,5 года. За чатыры месяцы з канца лютага ён склаў 1,6 мільярда долараў, піша "Коммерсант".
За апошнія чатыры месяцы, з канца лютага, укладанні замежных інвестараў у расійскія актывы зменшыліся на 1,6 мільярда долараў. Гэта рэкордны адток капіталу за 3,5 года, піша ў панядзелак, 3 ліпеня, "Коммерсант", спасылаючыся на дадзеныя амерыканскай арганізацыі Emerging Portfolio Fund Research (EPFR).
Толькі за тыдзень — з 22 па 28 чэрвеня — паводле ацэнак выдання, якія грунтуюцца на даных "Ренессанс Капитала", з фондаў, арыентаваных на расійскі рынак, выведзена больш за 83 мільёны долараў.
Цяперашні адток тлумачыцца шэрагам прычын, у першую чаргу ўнутранымі рызыкамі, што прывялі да пагаршэння інвестыцыйнага клімату. Сярод іх — неапраўданыя чаканні збліжэння з ЗША пры новым прэзідэнце Дональдзе Трампе, абвастрэнне канфлікту паміж "Роснефтью" і АФК "Система", а таксама падзенне цэнаў на нафту.
Удзельнікі рынка дапускаюць, што рублёвыя актывы будуць распрадавацца і ў далейшым, хоць і ў меншых аб'ёмах, адзначае "Коммерсант".
Паводле www.dw.com