Замежныя СМІ пра Беларусь: 1–10 студзеня
Прэзідэнт Беларусі сам сябе пазбаўляе ўлады. Аляксандр Лукашэнка заплюшчвае вочы на эканамічныя праблемы краіны, з-за чаго Беларусь апынаецца пад уплывам Крамля, які рады кантраляваць «сваіх сяброў». «Frankfurter Allgemeine» (Германія)
Перад Новым годам традыцыйна прынята раздаваць старыя запазычанасці. Калі ўласныя запазычанасці мы можам сплаціць з атрыманай у дваццатых днях снежня зарплаты, то што рабіць з абавязкамі краіны? Для Беларусі, чый аб’ём нацыянальнай запазычанасці за гады паспяховага кіравання А.Р. Лукашэнкі вырас да завоблачных маштабаў (звыш 33 мільярдаў долараў), гэта праблема надзвычай актуальная.
«Cossa» (Расія)
Масква была б гатовая паставіць патрэбны Беларусі аб’ём нафты, але чакае ў адказ згоды ў пытаннях прыватызацыі дзяржуласнасці з удзелам расійскага бізнэсу. Прэзідэнт Лукашэнка разумее, што ўласнасць — гэта ўлада, і таму не спяшаецца з прыватызацыяй. Так што рознагалоссяў усё ж не пазбегнуць, бо Расія паказвае, пры якіх умовах Беларусь будзе атрымліваць пернікі. У 2013 годзе Беларусь не зможа пазбегнуць продажу некаторых актываў — на гэты час прыходзіцца пік выплат па знешніх абавязках і крэдытах.
«Deutche Welle» (Германія)
Дакладных дадзеных па колькасці беларусаў, якія пакінулі радзіму, няма, паколькі межы паміж Расіяй і Беларуссю адкрытыя, аднак, па ацэнках прафсаюзаў, з Беларусі кожны год з’язджаюць каля 150 тысяч чалавек. 85% з’язджаюць у Расію, астатнія — у суседнія краіны ЕС, найперш у Польшчу. Справа не толькі ў нізкіх заробках: маладыя людзі і кваліфікаваныя спецыялісты ва ўмовах жорсткай рэгламентацыі не бачаць магчымасцяў для самарэалізацыі. Дэкрэт Лукашэнкі мала што зменіць. Нават функцыянеры з вышэйшага эшалону ўлады прызнаюць, што дзейная эканамічная мадэль сябе вычарпала, аднак баяцца адкрыта пярэчыць «апошняму дыктатару Еўропы».
«Tageszeitung» (Германія)
Галоўны вынік 2012 года — Пуцін пакрыўдзіўся на Расію. Гэта значыць, даспеў да стадыі А.Р. Лукашэнкі. Той даўно знаходзіцца ў крыўдзе на Беларусь і яе няўдзячнае насельніцтва. Ён яе, сінявокую, носіць каля сэрца як крыштальную вазу, а гэтыя гультаі працаваць не жадаюць. «Нам бы, кажуць, зарплату!» І паволі бягуць за межы шчаслівай рэспублікі. Ну ці не здраднікі?!
«Ежедневный журнал» (Расія)
Надышоўшы год стане пераломным для эканомікі Беларусі, заявіў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў сваім навагоднім звароце. Натуральна, гучныя словы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не засталіся без увагі экспертаў. Вядомы эканаміст А. Істэвіч цвёрда ўпэўнены ў тым, што пераломны момант прыйдзе для беларускай эканомікі менавіта ў 2013 годзе, але вось ці будзе ён пазітыўным — гэта зусім іншае пытанне. Справа ў тым, што эканамічны крызіс, які знянацку заспеў фінансавую сістэму Беларусі і шматлікія сферы эканомікі, зламаў ілюзію абароненасці ў грамадзян краіны, — лічыць Істэвіч, — а значыць, пералом можа мець і негатыўны характар.
crimelist.ru (Расія)