Замежныя СМІ пра Беларусь: 16–21 лістапада

Мінскія ўлады свядома заплюшчваюць вочы на нелегальных мігрантаў, якія перапраўляюцца праз беларуска-польскую мяжу. Колькасць асобаў, затрыманых на польскім баку мяжы, вырасла ў некалькі разоў. Такім чынам Аляксандр Лукашэнка шантажуе Захад, спрабуючы ўзяць рэванш за палітыку санкцый ЕС.   «Dziennik» (Польшча)  



banner_newsweek.jpg

Як доўга зможа функцыянаваць беларуская эканоміка ў яе цяперашнім стане, наколькі вялікі рэсурс яе стабільнасці і ці ёсць нескарыстаныя рэзервы? Па меркаванні аналітыкаў, нагодаў для аптымізму ў афіцыйнага Мінска мала. Аляксандру Лукашэнку няма чаму радавацца, бо будучыня Беларусі зараз цалкам залежыць ад Расіі. 18 гадоў аднабокай і неадэкватнай палітыкі Лукашэнкі прывялі да васальнай залежнасці краіны ад Масквы, і зараз толькі расійскія субсідыі і прэферэнцыі ў гандлі забяспечваюць працу беларускай эканомікі. Галоўнай памылкай беларускага кіраўніка быў разрыў з Захадам, вынікам чаго стала страта магчымасці палітычнага манеўру. Таму Масква можа ўплываць не толькі на эканоміку, але і вызначаць ступень незалежнасці беларускай дзяржавы.

«Deutsche Welle» (Германія)

Мы ў якой дзяржаве жывём? Дзікае пытанне. Зразумела, у Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі. Вы пра гэта не ведалі? Дзіўна. Не заўважылі? Яшчэ дзіўней. Гэта — адно са шматлікіх дзівацтваў, звязаных з нашымі дзіўнымі адносінамі з дзіўным братам. Лукашэнка ўмее падаіць Расію як ніхто — яна дае малако добраахвотна і з песнямі пра братэрства і сяброўства. Паколькі іншымі эканамічнымі поспехамі А.Г. пахваліцца не можа, ён угразае ўсё глыбей у павуцінне залежнасці ад Расіі. І менавіта таму робіць усё, каб у чарговы раз Расію кінуць.

Газета.Ру (Расія)

Аднойчы ўначы Наталля (Радзіна) змагла збегчы ў Расію на аўтамабілі. «Мой пашпарт застаўся ў КДБ. Да шчасця, кантролю дакументаў на мяжы з Расіяй няма», — кажа яна. Прыехаўшы ў Маскву нелегальна, журналістка змагла з дапамогай «Мемарыялу» атрымаць легальны статус. Перш, чым пачаўся наступны этап яе падарожжа, яна раптам атрымала нечаканую дапамогу з Крамля: «Мне патрэбна была выязная віза. Уладзіслаў Суркоў, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, дапамог яе атрымаць». Гэта рашэнне расійскіх улад ілюструе складаныя, часта нават супярэчлівыя адносіны паміж Мінскам і Масквой. Іх сяброўства пераменлівае.

«Le Monde» (Францыя)

Аляксандр Лукашэнка, аўтакратычны кіраўнік у Мінску, па-ранейшаму трывала сядзіць у сваім фатэлі, бо ўведзеныя супраць яго санкцыі з’яўляюцца палавінчатымі. Толькі забарона на імпарт нафтапрадуктаў, які прыносіць беларускай дзяржаве вялікую частку грашовых сродкаў, магла б апынуцца для яго адчувальнай, аднак на Захадзе гэтага ніхто не жадае.

«Deutsche Welle» (Германія)