Замежныя СМІ пра Беларусь: 30 сакавіка — 5 красавіка
Лукашэнку для шчасця трэба менш — усяго 2 мільярды долараў, каб эканоміка дацягнула да восені. Гэтыя 2 000 000 000 тэрмінова патрэбныя, каб не дапусціць чарговай дэвальвацыі беларускай нацыянальнай валюты. Цяпер Беларусь жыве тым, што прадае сябе Расіі за падачкі па частках.
Цікава, што Расія дае Беларусі крэдыты даражэй, чым «імперыялістычны МВФ». Затое Кіпру, які не з'яўляецца сябрам Мытнага саюза, Расія ў свой час дала крэдыт на 2,5 млрд. еўра пад 4,5% гадавых (адсотак МВФ). А нядаўна пагадзілася знізіць працэнты да 2,5%, гэта фактычна азначае спісанне 10% доўгу.
“Украіньская правда” (Украіна)
Цяпер немалая частка беларускай наменклатуры, якой не варта разлічваць на працяг службы пры аўтарытарным рэжыме, сумна глядзіць на сваю будучыню і прысвячае сябе бясконцым праклёнам на адрас уладаў.
На большае яны не здольныя, бо ізаляваныя ад беларускага грамадства.
Для насельніцтва гэтыя людзі застаюцца прадстаўнікамі той улады, якая, на думку простага абывацеля, «творыць немаведама што» і проста жыве ў нейкай іншай Беларусі, створанай на экране беларускага тэлебачання. Так што ад злараднасці ў свой адрас ім не ухіліцца, як не сысці і ад разумення, што ніякія ідэі («служым не Лукашэнку, а народу і краіне») не дапамогуць перажыць адчуванне здрады.
«Поматросили и бросили», Poliobzor (Расія)
Дэфіцыт кваліфікаваных кадраў вымушае Мінск запрашаць у краіну замежных спецыялістаў. Улады гатовыя пайсці на дадатковыя выплаты. Беларускі парламент разгледзіць законапраект, які прадугледжвае
кампенсацыі замежным спецыялістам. Паляванне за добрымі спецыялістамі вядзецца па ўсім свеце. Гэта дастаткова дарагое задавальненне, таму абмежаванай у фінансах Беларусі будзе нашмат прасцей
зацікавіць працай на радзіме ўласных прафесіяналаў, чым прыцягваць высакакласных спецыялістаў з-за мяжы.
Deutche Welle (Германія)
Яўген Полудзень асуджаны на 3,5 гады турмы. Гэта прадстаўнік сілавых структур самага вышэйшага рангу з тых, хто трапіў за краты пры Лукашэнку. Полудзень прызнаны вінаватым у злоўжыванні службовымі
паўнамоцтвамі. Ён нібыта рэгулярна атрымліваў грошы і дарагія сувеніры ад супрацоўнікаў МУС за карысныя для іх рашэнні. Сакрэтнасць адставак і судовых працэсаў супраць сілавікоў сведчыць аб тым, што
ўлады баяцца раскрыць маштабы злоўжыванняў.
Gazeta Wyborcza (Польшча)
Больш як шэсць гадоў таму прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка выказваўся ў тым сэнсе, што, маўляў, не толькі Беларусь, але і Расія не вельмі можа спадзявацца на нашу краіну ў сэнсе ажыццяўлення сумесных інтэграцыйных міждзяржаўных праектаў.
"Як вы з імі аб'яднаецеся?" — спытаў тады А. Лукашэнка. Цяпер ён сумесна не толькі з прэзідэнтам РФ Пуціным, але і таксама кіраўніком Казахстана Назарбаевым, якога нахвальвае, як толькі можа, прасоўвае такое аб'яднанне, якое яшчэ нядаўна ім ставілася пад сур'ёзны сумнеў. Але наўрад ці А. Лукашэнка змяніў сваё меркаванне. У гэта проста не верыцца.
“Зона” (Казахстан)