Замежныя СМІ пра Беларусь: 17–24 кастрычніка

Аляксандр Лукашэнка, аўтарытарны беларускі прэзідэнт, які на працягу многіх гадоў быў верным саюзнікам Крамля, заявіў, што самаабвешчаныя сепаратысцкія ўрады на ўсходзе Украіны не змаглі б выстаяць без дапамогі Масквы, і выказаў сумнеў у правільнасці рашэння аб далучэнні Крыму да Расіі. Нават найбліжэйшы саюзнік Крамля ў здзіўленні ад дзеянняў Расіі ва Украіне.    «The Wall Street Journal» (ЗША) 



smi4.jpg

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не здольны на сур’ёзныя дзеянні супраць Расіі. Заявы Лукашэнкі — не больш чым проста словы. Ніхто не адмяняў знаходжання ваеннай базы Расіі на тэрыторыі Беларусі — ён жа ад гэтага не адмовіўся. Гэтак жа, як і ад агульнай з рускімі прасторы ПРА. Ён проста шантажуе Пуціна, каб выбіць з яго дадаткова некалькі мільёнаў на развіццё эканомікі сваёй краіны. Цяжка сказаць, як адрэагуе Пуцін. Ён наогул не з тых людзей, хто адказвае на заявы сваіх сатэлітаў, якія прывязаныя да Расіі. Гэтыя размовы Лукашэнкі не ліквідуюць Еўразійскі эканамічны саюз і іх супрацоўніцтва. Усе гады пуцінскай улады ў Расіі ён займаецца тролінгам і шантажам. Ён патрабуе ўнутраных коштаў на нафтапрадукты, затым экспартуе іх ва Украіну — і на гэтым зарабляе. Наша задача — пакідаць як мага больш шырокі калідор доступу Лукашэнку да цывілізаванага свету праз Кіеў. Парашэнка гэтага прытрымліваецца. Ён у такіх пытаннях вельмі паслядоўны. 
«Gazeta.ua» (Украіна)
Яшчэ больш абвастрае сітуацыю той факт, што беларускія «ўльтрас» усё мацней ненавідзяць Лукашэнку, бо той відавочна аддае перавагу хакею і вылучае на яго мільёны з беднай дзяржаўнай казны. Тым часам футбол у краіне не развіваецца, а найбуйнейшыя клубы вымушаныя гуляць на стадыёнах, якія можна ўбачыць хіба што ў трэцім або чацвёртым дывізіёне ў Заходняй Еўропе.
«Le Monde» (Францыя)
Лукашэнка кіруе краінай, збольшага выкарыстоўваючы тыя ж метады, што і Януковіч. Відавочна, што ва ўмовах хаосу ва Украіне яму ўдалося стаць гарантам стабільнасці і захавання незалежнасці Беларусі. Папярэджанні з боку апазіцыі, што іх краіна можа апынуцца наступнай пасля Украіны, Лукашэнку не палохаюць. Ён яшчэ не дапускае і думкі, што Расія можа завалодаць часткай беларускай тэрыторыі. Пры гэтым Лукашэнка заўсёды выдае свае атакі супраць Масквы выразна дазавана. За кожным «нападам»  ідзе «рытарычнае прызнанне» лаяльнасці. 
«FAZ» (Германія) 
Прблемы з пастаўкамі харчавання, «падатковы манеўр» Расіі, а таксама агульнае пагаршэнне кан’юнктуры на расійскім рынку для беларускіх тавараў — гэтыя пытанні сталі перадумовай рэзкіх заяў прэзідэнта Лукашэнкі на адрас Расіі, зробленых ім падчас прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ. «Асцярожны антырасійскі трэнд», «Лукашэнка не хоча ісці на дно разам з Расіяй», — так ацанілі яго амаль шасцігадзінную рэкордную прэс-канферэнцыю аналітыкі. 
«Независимая газета» (Расія)
Яго (Лукашэнкі) размовы аб знешняй сіле, якая расколвае народы, з’яўляюцца падманам, штучным наркозам, што павінен адцягнуць людзей ад рэальных праблем, натуральных прычын вайны. Расійскія рэгіянальныя СМІ — гэта масавы прапагандысцкі рух, які разносіць словы Лукашэнкі па ветры медыя-прастор. «Пан» Лукашэнка, як і «пан» Міхалкоў, ведае, што народ з’есць з асалодай гэтую мілую салодкую цукерку з маркіроўкай «адзіны народ у небяспецы». 
«Главком» (Украіна)