Замежныя СМІ пра Беларусь: 04–11 красавіка
Пасля аперацыі ў Крыме расійскія эканамісты прагназуюць велізарныя фінансавыя ўліванні ва ўсе галіны гаспадаркі паўвострава, каб хаця б мінімальна інтэграваць яго ў эканоміку Расійскай Федэрацыі. І гэта прымушае нервавацца беларускія ўлады, бо Беларусь ужо прывыкла жыць пры пастаяннай эканамічнай падтрымцы расійскай дзяржавы. «RFI» (Францыя)

Што тычыцца Беларусі, то хвалёная «паспяховасць» гэтай дзяржавы, якая трымалася на датацыях Расіі, хутка будзе зруйнавана, і краіна апынецца перад тварам больш жорсткай рэчаіснасці. Беларускае грамадства, якое навучылі разглядаць Расію вельмі цынічна, як «дойную карову», ужо паспела паразмаўляць з міжнароднай супольнасцю, і прыходзіць да высновы, што дадзеная маржа хутка скончыцца. Аляксандр Лукашэнка вельмі добра разумее, што час культурна сказаць Расіі «дзякуй» і пачаць дыялог з Захадам.
«Lragir» (Арменія)
Курс беларускага рубля абнавіў чарговы антырэкорд і яшчэ больш наблізіўся да псіхалагічнай рысы ў 10 тысяч беларускіх рублёў за 1 долар. Адначасова з гэтым Нацыянальны банк зафіксаваў рост цікавасці да набыцця замежных валют з боку мясцовага насельніцтва, а эксперты — усплёск дэвальвацыйных чаканняў. Праўда, нават незалежныя эксперты схіляюцца да таго, што да канца мая, то бок да правядзення Чэмпіянату свету па хакеі, урад утрымае курс усімі праўдамі і няпраўдамі. А потым сітуацыя будзе залежаць ад таго, ці дасць хтосьці грошай.
«Независимая газета» (Расія)
Лукашэнка, што афіцыйна пазіцыянуе сябе саюзнікам Расіі, з аднаго боку, з'яўляецца прынцыповым ворагам любых рэвалюцыйных пераўтварэнняў на постсавецкай прасторы. Пры гэтым ён абсалютна не жадае ахвяраваць адносінамі з Украінай і вельмі баіцца стаць «васалам Пуціна», якія выконвае дырэктывы Крамля. Гэтыя ўстаноўкі і вызначылі ўсе апошнія дзеянні афіцыйнага Мінска. У цэлым, рэакцыя беларускіх уладаў, якія з'яўляюцца адзінай рэальнай палітычнай сілай у рэспубліцы, у чарговы раз ставяць пытанне аб ступені «саюзніцтва» Аляксандра Лукашэнкі, і, у больш шырокім плане, аб тым, як Расія бачыць перспектывы далейшага развіцця адносінаў з Беларуссю. Праблема, сутнасць якой можа быць выказана фразай: «Чым і кім, урэшце, з'яўляецца Беларусь для Расіі?», па-ранейшаму далёкая ад свайго рашэння.
«Регнум» (Расія)
Еўрапейцы пацярпелі фіяска ва Украіне і хочуць цяпер рэваншу. А для інтэграцыі ў ЕС самая падыходзячая краіна з усіх краін «Усходняга партнёрства», на самай справе, Беларусь. Таму яны спрабуюць зацягнуць яе ў больш шчыльную інтэграцыю. Прэзідэнт гэта спрабуе выкарыстоўваць для гандлю з Масквой, але ў яго асяроддзі ёсць людзі, якія сур'ёзна падтрымліваюць еўрапейскую інтэграцыю і лічаць яе рэалістычнай. І яны таксама ўплываюць на палітыку Мінска.
«Росбалт» (Расія)